Ператвараючы прадмет у вобраз ці ў мастацкую дэталь, ён абавязкова шукае скрытай сувязі гэтага прадмета з чалавекам. Рэчы, зробленыя рукамі чалавека, нясуць у сабе адбітак здольнасці майстра, апрадмечваюць яго здольнасць тварыць. Малюючы рэч у аспекце эстэтычнай катэгорыі ўзнёслага, паэт узвышае не самую рэч, а чалавека, які гэту рэч стварыў і карыстаецца ёю ў жыцці. Гуманізацыя прадметаў народнага побыту і прыладаў сялянскай працы робіць іх прыгожымі, паэтычнымі, а творам надае глыбокую чалавечнасць гучання:
Натуральна, вершы Максіма Танка, створаныя на матэрыяле народнага жыцця, гучаць па-сучаснаму. За старымі сасновымі сталамі, у звонкіх сасновых хатах паселі землякі паэта. Яны рупяцца пра тыя ж справы, што і жыхары гарадскіх кватэр, застаўленых сучаснаю мэбляй. Людзі працы думаюць пра пагрозу міру, пра будаўніцтва камунізма, пра палёты чалавека ў космас. Паэт рады ўслухоўвацца ў гэтую гаворку, яго цешыць, што простыя калгаснікі таксама блізка прымаюць да сэрца справы планеты, як справы калгаса, іх выказванні зацікаўленыя, дзелавыя і кампетэнтныя.
Змест гэтых сялянскіх бясед адкрывае нам адну важную ісціну: сучасны свет адзіны. Трывогі сучаснасці востра адчуваюць людзі працы, дзе б яны ні былі: у мільённым горадзе ці ў лясной глухамані. I чым вышэй гэта адчуванне, тым ясней усведамляецца факт, што чалавечыя асновы зямнога бытавання адзіныя, спракаветныя і непарушныя — гэта мір, свабода і стваральная дзейнасць па законах розуму і хараства.
Насцярожаныя прывідам канфліктаў, якія, калі б іх не стрымліваць, маглі б стаць пачаткам канца зямное цывілізацыі, мы сёння навучыліся вышэй цаніць першапачатковыя асновы жыцця чалавечага. Новым хараством і новым сэнсам засвяціла нам няхітрая праца хлебароба і ўвесь нетаропкі ўклад яго побыту, мудрая прастата прадметаў дамашняга ўжытку. Нельга не пачуць у гэтай паэтызацыі святое мужыцкае прастаты ўнутранага супраціўлення, пратэсту супраць той падатлівасці на спажывецкі камфорт, якім вабіць і спакушае абывацеля сучасная прамысловасць.
Паэту падабаецца цнатлівая мудрасць народных звычаяў і абрадаў. У аснове сваёй — гэта векавая школа маральнага выхавання. Абрады і звычаі народа — антураж ідэальнага грамадскага асяроддзя, створаныя чалавекам для таго, каб у іх маглі жыць і расцвітаць этычныя нормы, узоры паводзін, здаровыя ўяўленні пра дабро і зло, праўду і крыўду, гонар і бясчэсце.
У шэрагу твораў Максім Танк асацыіруе творчасць са стваральнаю, карыснаю працай хлебароба. Мы бачылі гэта. Але яшчэ большаю ступенню абагульнення валодаюць тыя рэчы, дзе паэтычная творчасць асэнсоўваецца як нешта блізкае да пладаноснасці самое зямлі, прыроды:
Вершы гэтыя філасафічныя, яны адкрываюць новыя формы ўзаемасувязей паміж далёкімі і рознымі пластамі жыцця. Такія сувязі ўзнікаюць ва ўмовах нябачанай інтэнсіўнасці жыццёвых працэсаў, уласцівых сучаснасці. Праблема сучаснасці не ў антынамічным канфлікце сённяшняга і ўчарашняга дня, а ў іх дыя лектычнай узаемасувязі. Сучаснае не канфліктуе з тым здаровым, што было створана рукамі, розумам і сэрцам народа ў даўнія вякі.
Лірычны герой, яго светаўспрыманне становіцца універсальным вузлом, які звязвае тое добрае, што мінула, з тым цудоўным, што творыцца сёння і будзе створана заўтра. Уменне бачыць жыццё перспектыўна, як напруяжаны рух цераз каскады супярэчлівасцей, рух ад простага, надзённага да вечнага,— вось шчаслівы: і адказны дар паэта.
Ажно не верыцца, што Максім Танк, паэт шырокага дыяпазону, незадаволены сабою менавіта за абмежаванасць свайго прамога жыццёвага вопыту, які не дазваляе з аднолькавай асабістаю кампетэнцыяй апяваць свет хлебароба і сталявара: