Выбрать главу

Не варта без агаворак прымаць гэты самааналіз. Ён хутчэй будзе паказчыкам завышанай патрабавальнасці да сябе, чым сапраўднага зместу паэзіі Танка. Тэма працы ў яго лірыцы шматгранная. Не так істотна тое, што паэт свабодна і шырока знаёміць нас з паляводамі, касцамі, жывёлаводамі і з рабочымі на будаўніцтве, фабрыках, заводах, важна тое, што ён умее ўзняцца над вузка практычным успрыманнем чалавека, якое, скажам, натуральна для работніка аддзела кадраў, ды і то ў рабочы час, дэманструе нам гуманістычны, шматгранны, сапраўды мастацкі тып успрымання і ацэнкі чалавека. У гэткім успрыманні якраз і выяўляецца на ўсю сілу тое непаўторнае, што ўласціва чалавеку савецкаму, будаўніку новага тыпу грамадства. Сутнасць чалавека не ў тым, дзе ён робіць — на заводзе, у калгасе, навуковай лабараторыі,— і не ў тым, кім ён працуе — пастухом, сталяварам ці даследчыкам: людзі мяняюць прафесіі, перавучваюцца, жыццё перастаўляе людзей на розныя ўчасткі, перакваліфікоўвае, але пры ўсім гэтым сапраўдны чалавек застаецца асобай, і мастака цікавіць менавіта гэта. Ён даследуе, у якой меры прафесійныя метамарфозы або прафесійны рост чалавека супадае з эвалюцыяй яго чалавечай сутнасці, чалавечай годнасці, душэўнага багацця, хараства.

Мне думаецца, калі ўжо скардзіцца Танку на пэўную звужанасць тэматычнага дыяпазону сваёй лірыкі, дык хіба што ў вершах інтымных. Паэт звяртаецца тут да фальклорна-песеннай традыцыі і не заўсёды пераадольвае ўласцівую старой народнай песні традыцыйнасць характараў хлопца і дзяўчыны, з-за чаго пры чытанні ўзнікае эфект старамоднасці, не прадугледжаны аўтарскай задумай. I хоць лепшыя з вершаў фальклорнага тыпу сталі папулярнымі песнямі, усё ж такі асаблівыя сімпатыі моладзі заваёўвае тая плынь любоўнай лірыкі паэта, дзе героямі выступаюць сучасныя маладыя людзі, духоўна актыўныя і складаныя як індывідуальнасці. Мне здаецца, у гэтых менавіта творах праяўляюцца найбольш характэрныя рысы паэзіі Максіма Танка, яе мэтанакіраванасць, чысціня пачуццяў, з'яднанасць маральнай і эстэтычнай ацэнак рэчаіснасці. I хораша, што ў гэтых вершах няма пурызму, чорствай павучальнасці. Танк мае добрую зброю супраць маралізатарства — іранічную ўсмешку. На інтымныя адносіны ён глядзіць глыбока, адчувае іх тонкую складанасць, непаўторнасць, цяжкасць для асэнсавання. Да гэтага тыпу я б аднёс такія інтымныя вершы, як «Ты мусіш прыехаць», «Хай пішуць распуснікі посна і прэсна». Эпіграфам апошняму паслужылі радкі народнай песні, але ён малюе рамантычную дружбу челавека незвычайнага, чалавека з цяжкім лёсам. Гэтая дружба свеціцца цеплынёю дзявочага сэрца, якое ўзнялося да вяршынь ахвярнасці. Дзяўчына прытуліла змардаванага вандроўніка і змагара, скрасіла яго цяжкое змаганне з чорствым: суровым светам:

Сагрэла ў сцюдзёную, Лютую восень... Калі пагасіла святло — Мне здалося: На правай руцэ, На якой спачывала, Ўсю ноч, не заходзячы, Сонца палала (III, 393).

Вядома, справа не толькі ў выбары закаханых, справа ў багацці самараскрыцця чалавека. Танк любіць абыгрываць сітуацыю разлукі, лічыць яе вельмі ёмістаю. Вось і ў новым зборніку ёсць верш на тэму разлукі — гэта «Ноч без цябе». Верш можна ставіць упоравень з узорамі інтымнай лірыкі ў сусветнай паэзіі. З яго вобразаў праменіцца хвалюючая веліч душы, прасветленай каханнем. Звычнае для Танка ўменне выяўляць чалавечую змястоўнасць інтымных адносін тут дапаўняецца вострым драматызмам. «Ноч без цябе — кашмарнаю здалася» — проста і важка гучыць першы радок. Адчуванне драматызму нарастае, калі мы слухаем працяг гэтай споведзі сэрца, устрывожанага пагрозай страціць блізкага чалавека:

I, быццам фра Анджэліка мадонну, Прыкленчыўшы, малюю вобраз твой. Мне рэўнасць кажа даць больш фарбаў цьмяных Тваім вачам і валасам тваім... Але непераможны золак ранні Над галавой тваёй гарыць, як німб, (ХБС, 113).

Трэба мець высакародную душу і горача любіць справядлівасць, каб, як у лірычнага героя гэтага верша, цёмная рэўнасць адступіла перад ачараваннем хараства любімай істоты, хараства, якое засталося толькі ва ўспамінах, але якога не могуць засланіць нізкія падазрэнні.

Свет рэчаў і свет уражанняў імчыцца так шпарка, што цяжка ўлавіць гэты паток і назваць яго. Бо што значыць даць назву? Гэта значыць спыніць рух. Паэт жа арганічна адчувае, што вобразнае пазнанне, метафара як адзінка пазнання для таго існуе, каб не спыняць гэтага руху пачуццяў, а данесці яго дрыготкую сілу, навучыць здзіўляцца непаўторнай красою жыцця.