Выбрать главу

На асушанай дрыгве — плантацыі цукровых буракоў. Поле ажно да гарызонта прыбрана. Пра ўрадлівасць зямлі сведчаць густа скучаныя бурты, прысыпаныя тонкім слоем глебы ад падмярзання і ад падсыхання, каб не страціў бурак ні ў вазе, ні ў цукровасці. За тыдзень-два грузавікі перавязуць дабро на станцыю, а там у Жабінку на завод.

— Вось гэта і ёсць наша «залатое дно», тарфянікі,— тлумачыць Сямён Васільевіч Курзаў.— Ураджай самі можаце ацаніць.

— Людзі ў вас працавітыя, народ залаты,— нібы дапаўняе субяседніка Максім Танк.

— О так, народ работу любіць. Угаворваць не даводзіцца. I сваю зямлю ўробяць як належыць і на Украіну дапруць у заробкі. Нават у Сібір ездзяць на лета, цяслярскай ды мулярскай справай зарабляюць там — уга. Праўленні калгасаў не пярэчаць — рабочых рук хапае. Хай чалавек працуе, дзе яму лепш.

— А не перасяляюцца туды?

— Не, можна сказаць, мала. Тутэйшы чалавек свае мясціны любіць.

Спыняемся ў сельсавеце. Дэпутат і сакратар парткома гутараць са старшынёю Савета наконт электрыфікацыі той вёсачкі. Рашэнне раённых інстанцый паступіла і будзе выконвацца. Старшыня, малады чалавек з дыпломам настаўніка. запэўнівае, што справу ўзяў пад свой нагляд і кантроль. Можна ехаць у Моталь.

8

Я ўпершыню тут. Вялізнае палескае сяло, амаль мястэчка, выгнулася паўз бераг возера. Вайну, відаць, перанесла нязгорш, бо побач стаяць старыя і новыя хаты. Вуліца выбрукавана, сялібы абсаджаны.

На канфлікт мясцовага значэння наткнуліся нечакана, там, дзе менш за ўсё чакалі яго,— у Мотальскай школе. Завуч, чалавек выбухны, з парога аглавушыў гасцей такімі звесткамі, што хоць ты затыкай вушы. Ён выкрыкваў «Старшыня калгаса самадурнічае, ненавідзіць інтэлігенцыю, дзе толькі можа, там стараецца зганьбаваць, прынізіць, абразіць. Публічна зневажае, абзывае дармаедамі, утрыманцамі, носьбітамі бандыцкай маралі... Загадаў святло абрэзаць у школе і на кватэрах настаўнікаў...»

Раз'ятраны завуч патрабуе неадкладнага ўмяшальніцтва дэпутата, абароны ад напасці. Яўген Іванавіч тактоўна пераадрасоўвае зварот сакратару парткома. Таварыш Курзаў, відаць, чакаў гэтага: усміхнуўшыся, дае знак згоды кіўком галавы, маўляў, справа не новая, разбяромся, уладкуем.

Па ўсім відаць, што нядаўна тут пранеслася навальніца і наш субяседнік бачыць увесь белы свет цераз прызму асабістай крыўды. Робіцца няёмка і неяк шкада гэтага паважанага педагога, які, астыўшы, будзе папракаць сябе за нястрыманасць. Прыходзіць дырэктар школы. Гадоў восем таму ён канчаў Брэсцкі педінстытут, праходзіў нават педпрактыку ў маёй групе. Антон Іванавіч Заяц як заўсёды ў форме: ветлівы, стрыманы, тактоўны. Гадоў пару таму назад ён дырэктарстваваў у Выганішчах, як кажуць, на канцы свету. I нічога, не скардзіўся: выбудаваў добрую школу і калектыў свой тогашні вывеў у людзі. Мы неяк з Янкам Брылём заязджалі да яго туды летам, ён паказаў нам Выганаўскае і Бабровіцкае азёры. Хораша рыбачылася і гаварылася ў таварыстве маладых тады настаўнікаў. Вечарам мы дапамагалі даяркам цягаць бідоны з малаком, а потым спявалі ў лодцы, любуючыся першымі зоркамі. Уражанні той паездкі леглі ў аснову апавядання Янкі Брыля «Шчодрая Ясельда».

Антон Іванавіч мала змяніўся, толькі ў валасах іскрыцца заўчасная сівізна, а твар такі ж маладжавы, асветлены добраю ўсмешкай. Просіць прабачэння ў гасцей, нібыта ён, а не завуч папсаваў настрой, супакойвае завуча, спрабуе перавесці гутарку на іншую тэму, але пытанне само па сабе занадта парадаксальнае, каб ад яго можна было ўхіліцца. Усё ж адключыў старшыня калгаса святло ад школы і ад настаўніцкіх кватэр. Аказваецца, электрыфікавалі Моталь па ініцыятыве калгаса на паявых асновах, а райана не ўнёс яшчэ свайго паю. Не хапіла бюджэту, каб разлічыцца з калгасам у гэтым годзе. А калгасны старшыня і не думае адтэрміноўваць уплату крэдыту.

Ідзём у праўленне калгаса. Старшыня свеціцца ад радасці, распасцірае рукі, паказвае на крэслы, усаджвае... Знарок хіліць размову на высокія тэмы, бліжэй да хмурынак паэзіі. Але мы ўпамянулі канфлікт, і наш зычлівы гаспадар бразнуў шчытом гаспадарніка, надзеў баявы шалом і апусціў забрала. Сапраўды, тэмбр голасу яго змяніўся, стаў аднатонна скрыпучым і гугнявым, нібы гукі прабіваліся з піскам праз шчыліны забрала. «Строіць нешта без разліку няможна, таварышы,— пачаў ён ні то тлумачыць, ні то адчытваць усіх нас за такое няведанне, якое роўна нявыхаванасці.— Камунізма без грошай я не прызнаю. Гэта проста балбатня. Настаўнікаў на ўтрыманне калгаса я не вазьму. Ніхто не прымусіць мяне марнатравіць калгасныя грошы. Грошы працаю даюцца. Электрыфікацыю правялі не на мае грошы, а на калгасныя. Склічам агульны сход калгаснікаў, і прасіце, хай адваліць чатыры тысячы настаўнікам... Тады я згаджуся даць святло...»