Колькі б нам давялося прыняць гэтых цвёрдых, нягнуткіх, як жалезныя пруты, фраз — не скажу, каб не тактоўны Антон Іванавіч. Ён звяртаецца да старшыні і ветліва растлумачвае: «Ніхто не просіць у калгаса грошай. Просьба адкласці на два месяцы аплату крэдыту. З бюджэту новага года райана заплаціць. У першых днях студзеня. На гэты бюджэтны год выдаткі на электрыфікацыю Мотальскай школы не планаваліся».
— А як жа вы, дырэктар, дажылі да такой жызні? Пра што раней думалі? Без разліку і без грошай святло захацелі мець? Вось я вас і навучу гаспадарчай дзейнасці... Грошы ў банк — будзе святло. А накуль што пасядзіце ў поцемках ды падумайце...
Але за школу і дырэктара заступаецца Максім Танк.
— Вось вы,— звяртаецца ён па імені і бацьку да старшыні,— адключылі святло ў школе, а школа возьме ды выключыць святло навукі — уявіце, якая цемра пойдзе па Палессі!..
Агульны смех падтрымлівае паэта. Непрабіўным астаецца толькі старшыня. Ён павяртае забрала да дырэктара школы і працягвае натацыю. Але наш смех прыкметна аслабіў яго ваяўнічы імпэт:
— Хай ідзе цемра. Яго, а не мяне будуць лаяць за стан адукацыі. I па заслугах. Электрычнасці без грошай захацеў...
Сакратар парткома спакойна, але настойліва прапануе калгаснаму старшыні разумна ўладкаваць канфлікт, не даводзіць спрэчкі да абсурду. Антон Іванавіч зноў запэўнівае, што цераз два месяцы грошы будуць заплачаны калгасу.
— Цераз два месяцы, кажаш,— пасміхаецца старшыня.— Давай у залог свайго ўласнага «Масквіча»! — Гэта ўжо мілы жарт у вуснах жалезнага гаспадарніка.
— Ладна,— чырванеючы за старшыню, згаджаецца дырэктар. А той хоць бы вокам міргнуў. У душы задаволены, што даў дырэктару школы ўрок па практычнай палітэканоміі.
— Заложым жонак і дзяцей! Здаецца, так у «смутное время» заклікалі ніжагародцаў Мінін і Пажарскі,— кідае знішчальную рэпліку Максім Танк. Іранічна пасмейваючыся, ён пераводзіць канфлікт у гратэскавы план: — У вас, таварышы, канфлікт, як мне бачыцца, не менш сур'ёзны, чым у нас з кітайскім кіраўніцтвам! Нават на арбітраж старшыня не згаджаецца!..
Усе смяяліся, а мацней за ўсіх рагоча інжынер-электрык. Цягне як быццам на ўхмылку і старшыню, ён чмыша носам і падымае сваё забрала.
Упершыню бачу Максіма Танка ў ролі дыпламата. Добра. А як для гэтага выпадку, дык аж занадта.
Ідзём абедаць у сталоўку. Старшыня калгаса прапануе пакаштаваць каўбасы мясцовага вырабу. «На яе даём адборную бычыну. Каўбаса славіцца ва ўсёй ваколіцы»,— захвальвае гаспадар.
Сапраўды, добры харч, нічога не скажаш. За накрытым сталом старшыня ўжо не вяртаецца да ролі ўпартага гаспадарніка, але фанабэрыстасці, якою моцныя гаспадарнікі любяць цвяліцца над «чыстымі» інтэлігентамі, ён усё ж не пазбыўся.
— Ну, Антон Іванавіч,— ушанаваў ён дырэктара ветлівым зваротам,— разам, значыць, пачнём будаваць: ты — школу, а я — клуб. У нас гэта ўсё ж такі лепш пойдзе... Інтэлігенцыя... I «Масквіч» твой ужо ўстарэў... Мае буракаводы за прэміяльныя шэсць аўтамашын навейшай маркі купляюць. Абганяюць калгаснікі інтэлігенцыю!
Вяртаючыся ў Драгічын, абменьваемся думкамі пра бачанае, чутае, зробленае за дзень.
— Ну вось,— уголас разважае Максім Танк,— калі б стаць на пазіцыю мотальскага завуча, дык да суда і міліцыі трэба апеліраваць... А тут і ўладкавалася спрэчка. Як часам засляпляе чалавека крыўда, гнеў.. А старшыня ў сваёй сферы нішто сабе... Круты, бясспрэчна...
— Ёсць такі грэх,— падхоплівае гаворку сакратар парткома.— Перагібае. Чуласці ў рабоце з людзьмі няма. Даводзіцца ў раён выклікаць, папраўляць... На «ўколах» трымаецца, як мы гаворым. А гаспадарнік уедлівы. Калгас з адсталых выцягнуў. Хоць на сённяшні дзень адной гаспадарнасці для кіраўніка і замала...
Максім Танк не пярэчыць. Яго, вядома, таксама не ачаравалі паводзіны калгаснага кіраўніка, але статус госця наказвае быць паблажлівым да непаладак у хаце гаспадара. Ён, мажліва, знарок перабіраў меру паблажлівасці, ільготных скідак у ацэнках, каб выклікаць сакратара парткома на прынцыповую строгасць, і зараз задаволены, што не памыліўся, што партыйная ўлада ў раёне на вышыні.
Карыстаючыся прывілеяй мудрасці, якой валодае час, я сёння не магу стрымацца, каб не расказаць пра канчатковую развязку таго жорсткага старшынёвага гаспадарання, пры якім каса як быццам і напаўнялася грашыма, але старшыня непрыкметна для сябе вычэрпваў той крэдыт даверу, які далі яму калгаснікі пры выбранні. Развязку бясконцага канфліктавання я пачуў ад настаўніцы Мотальскай школы, якая прыехала ў педінстытут на сесію як студэнтка-завочніца. Старшыню знялі. Звольнілі ад абавязкаў па ініцыятыве мотальскіх жанчын, якія дамагліся склікання нечарговага агульнага сходу. Старшыня ў гаспадарчым засляпленні забараніў пасвіць калгасніцкія каровы на калгасным выгане. Ведаць ён не хацеў, што ад гэтых кароў, акрамя ўсяго іншага, паступала многа малака ў дзяржаўную малачарню, не хацеў ведаць, што калгасніцкія каровы ўрэшце таксама калгасныя.