Ёсць нешта палемічнае ў карцінах казачнай рэчаіснасці, прыроднай нерушы, створанай паэтам. Каб гэтую палемічнасць адчуць, трэба параўноўваць казачнае царства прыроды не з рэальным светам, а з пэўнымі вытворамі чалавечага свету, вытворамі сацыяльнымі (пра іх мы гаварылі, прыгадваючы вершы пра заграніцу) і тэхнічнымі. Менавіта транзістарна-тэлекамерная мадэль свету, створаная ў наш тэхнічны век,— вось антыпод казачнага свету прыроды. Падлічыўшы баланс масавага шчасця, электронны робат прапануе замяніць натуральнае асяроддзе больш зручным — штучным. Але чалавек покуль што прыходзіць на свет натуральным шляхам і належыць натуры, адсюль яго недапасаванасць да рацыянальных абставін — драма жыцця.
Покуль што гэта толькі прадчуванне, якое можа стаць, а можа не стаць явай. Але ўсе знакі на зямлі, на небе кажуць паэту, што стане явай. Вось вам і новы этап — прывыканне чалавека да штучных пейзажаў:
А затым ужо і юрыдычны канфлікт. Судовая справа паэту. Робаты абвінавачваюць яго за напісаные не прадбачанага імі верша. Ад штрафу паэта ратуе тое, што ён змог яшчэ даказаць, што
Парадоксы мыслення робатаў павяртаюцца да чалавека пагрозай, гучаць злавесна. Фантазія робатаў адрозніваецца ад паэтычнай адною драбніцай — яна дужа дакладная, матэматызаваная, не дапускае гуманістычных «недарэчнасцей». I вось з-за сваёй «дасканаласці» гэтая фантазія стварае свет жахліва антыказачны. На фоне эмацыянальнай акамянеласці краіны робатаў асабліва паэтычным выглядае царства чалавечай казачнасці.
Цецерукі тут — і сапраўдныя птушкі, і, нейкім чынам, зачараваныя духі, дзеці сонца, якія зберагаюць пад крыламі «сонечныя аганькі», не даюць астыць зімоваму халоднаму свету. Без гэтай паэтычнай выдумкі не было б верша. Адкіньце выдумку, і застанецца апісанне, пра якое нічога не скажаш, акрамя хіба таго, што яно нецікавае. Паэтычная фантазія ўдыхнула ў апісанне ідэю, увяла ў твор чалавека, здольнага здзіўляцца з праяў жыцця, напаўняць іх таямнічасцю — рэхам сваёй душы. «Добрая душа» ў таго, хто мог нешта падобнае «збаяць»,— скажа чытач, і гэта будзе яго ўласнае пазнаванне, пазнаванне чалавека ў фантастычнай карціне прыроды.
Як жа назваць нам гэтую добрую чалавечую душу? Назавём казачным імем Цярэшка і прыгадаем, што гэта яго выклікаў на суд робат-пракурор за напісанне непрадбачанага, а значыць, не пажаданага верша. Праблема робата і Цярэшкі, напэўна, адна з актуальнейшых сёння праблем. А па сутнасці яна такая даўняя, як анімізм і стыхійна-матэрыялістычнае дакладнае пазнанне.
Паэтычная фантазія — антыпод кібернетычнага прагназавання. Яна ўступае навуковаму прадбачанню ў дакладнасці, затое абганяе яго ацэначнай змястоўнасцю. Мастацкі вобраз у адрозненне ад чыстага і халоднага паняцця нясе двайны змест: ён выяўляе нейкую з'яву і асвятляе душу таго, хто тую з'яву ўспрымае, ацэньвае. Гуманістычная ацэначнасць пазнання — прывілея мастацтва. Ацэнкі рэчаіснасці даіоцца ў мастацтве з пункту гледжання чалавечай дасканаласці, мастак устанаўлівае градацыі гуманістычных каштоўнасцей — гэта спецыфічна мастацкія веды. Рэчаіснасць — паняцце бязмежнае, у яе ўваходзіць і той свет, які матэматычна аналізуюць, прагназуюць, канструіруюць Робаты, свет лагічнай дасканаласці. Максім Танк якраз і бярэ аб'ектам эстэтычнага пазнання і ацэнкі гэты свет кібернетычнай логікі. I што ж аказваецца? У лагічнай краіне Робатаў ёсць свае канфлікты і трагедыі, толькі трагедый гэтых няма каму перажываць. Робат не ўмее перажываць, а з Цярэшкам у яго адносіны толькі юрыдычныя, так што і навучыць або выручыць Робата няма каму. Робат пазваў Цярэшку на суд, а Цярэшка ў сваю чаргу пазваў Робата да маральнай адказнасці за «бацьказабойства». Робат забіў інжынера, які стварыў яго, забіў, жадаючы выказаць удзячнасць стваральніку. У Робата не аказалася сардэчнай прадбачлівасці. Жадаючы прынесці радасць, ён прынёс смерць. Пачуцці Робата сляпыя, не прасветленыя духам. Адухоўленасць пачуццяў — вось дзе перавага чалавека над Робатам. Царства Робата — царства халоднага разліку, царства жалезнай логікі. Жывая чалавечая істота гіне, трапіўшы ў гэтае царства, пазбаўленае сардэчнай бескарыслівасці. Дарэчы заўважыць, што клімат у краіне Робатаў падобны на клімат бюракратычнага разліку і ўліку.