Выбрать главу
10

Чытачу, які сачыў за паездкаю, апісанай у гэтых нататках, магло здацца, што я знарок дражню яго цікаўнасць, не гаворачы пра нейкі фінальны факт. Мушу расчараваць чытача. Больш такіх здарэнняў, якія б лажыліся ў кантэкст гэтых нататкаў, я не сустрэў. Паездка скончылася вельмі звычайна, без прыгод. Сёння, калі я прыпамінаю падзеі і думкі, выказаныя тады паэтам, і спрабую ставіць іх у кантэкст яго творчасці, яго разумення паэзіі і грамадскай місіі мастака, заўважаю ўсё новыя і новыя доказы глыбокай жыццёвасці, сапраўднай народнасці Танкавай паэзіі, дзіўлюся з цэльнасці натуры мастака, які ў кожнай жыццёвай сітуацыі, вялікай і дробнай, застаецца сабою — у жыцці і ў творах. Цэльнасць натуры — вось аснова абаяльнасці мастака. Зайздроснае багацце асобы лірычнага героя паэзіі Танка — адлюстраванне самабытнасці аўтара.

Што б мы ні гаварылі пра суадносіны лірычнага героя і асобы мастака, мусім прызнаць: каштоўнасць твора ў чалавечай каштоўнасці творцы. Гэтыя багацці душы раскрываюцца не заўсёды і не ўсім. Чытач, яго здольнасць разумець, яго патрэба ведаць, яго мэта жыць і тварыць, яго ідэал — вось другая сутнасная сіла ў творчым працэсе.

Асэнсоўваючы творчую працу, Максім Танк настойліва падкрэслівае яе сувязь з вытворчаю працай. Зразумела, аналогія і падабенства выступаюць не ў сутнасці працы і творчасці, а ў грамадскай функцыі. Мастацкая творчасць — гэта вытворчасць каштоўнасцей, патрэбных грамадству. На азначэннях сутнасці паэзіі і яе грамадскае ролі ў Максіма Танка прыкметны злабадзённыя павевы часу. Пад уплывам спрэчкі «фізікаў» з «лірыкамі» ён горача выступае супраць кожнага, хто супрацьпастаўляе працу хлебароба працы паэта. Паэзія — хлеб надзённы, глыток вады, кроў у жылах, паэзія — само жыццё. Стварэнне паэзіі — гэта будаўніцтва палацаў для душы сучаснікаў, жылля для нашых эстэтычных пачуццяў, адным словам — будаванне жыцця для індывідуальнай і нацыянальнай народнай душы. Паэтычная праца мае свае цяжкасці, свае пакуты і свае небяспекі. Цяжар таленту і працы паэта ў тым, што ён мусіць быць пры ўсялякіх абставінах праўдзівым, шчырым, адкрытым. Паэта не ахоўвае панцыр жыццёвай мудрасці, практычнасці, кампрамісаў, покуль ён паэт. Нават слава не заўжды ратуе яго ад помсты, зайздрасці тых, каго кранула яго праўдзівае слова. Максім Танк параўноўвае прафесію паэта з канатаходцам, які балансуе над проданню чалавечага сэрца. Сітуацыя двойчы небяспечная, бо ніхто нс бачыць гэтай небяспекі. Паэту-канатаходцу апладзіруюць там, дзе трэба заміраць ад страху за яго жыццё.

Значэнне сваёй творчасці Максім Танк ацэньвае сціпла — гэта адзін глыток вады, якім можна прагнаць смагу ў гарачы дзень. Паэзія патрэбная рэч, але сёння яшчэ не ўсе ўсведамляюць жыццёвую важнасць яе. Паэт гатоў пагадзіцца з гэтым. Ён не хоча ўгаворваць, а тым больш прымушаць любіць чытаць паэзію. Сціпласць паэта гордая. Адно толькі гарантуе ён — даць чытачу глыток чыстай вады. Наконт чысціні ён не прыме папрокаў. Вышэй за ўсё даражыць мастак праўдзівасцю сваёй песні, жывою душою, укладзенаю ў напевы. Таму і абурае яго, і раздражняе, і смешыць тупая самаўпэўненасць літаратурных мяшчан, гатовых падказваць паэту рашэнні цяжкіх тэм, падказваць дарогі, выбрукаваныя глыжамі банальных, але бясспрэчных ісцін. Паэту вальней дыхаць сярод простых людзей, якія не маюць да яго асаблівых прэтэнзій, лічаць яго проста знаёмым чалавекам, а не якімсьці фокуснікам-паэтам.

Паэтычная праграма Максіма Танка — гэта не сістэма нейкіх правіл, суджэнняў, паняццяў, гэта сістэма шуканняў. А дзе шуканне, там і супярэчлівасці, там і спрэчкі з праціўнікамі, з аднадумцамі, з самім сабою. Параўнайце вершы «Вясновая ода» і «Паядынак». На першы погляд яны пярэчаць адзін другому, даюць розныя адказы на пытанне, служыць ці не служыць паэзіі практычным патрэбам жыцця:

Напэўна, эстэты ды розныя снобы Не згодзяцца з гэтаю одай маёй: Глядзіце — паставіў Пегаса ў аглоблі, Вазіць памагае калгаснікам гной (III, 180).

У «Паядынку» сатырычны персанаж, кан'юнктурны паэт Дон Пэдра, стаіць як быццам на той жа пазіцыі, што аўтар у «Вясновай одзе», і за гэта атрымлівае выклік на дуэль. Хіба за некалькі гадоў, што аддзяляюць гэтыя вершы, паэт змяніў погляды на пастаўленую праблему? Не. Паэт ніколі не быў супраць служэння паэзіі чалавеку і грамадству. Розніца паміж ім і Донам Пэдрам у нюансах, таму і спрэчка вырашаецца па-рыцарску. Паэзія павінна служыць чалавеку і грамадству, служачы праўдзе і красе. Іншыя формы служэння ператвараюць паэзію проста ў бяздумную служанку. Там, дзе пачынаецца чышчэнне батфортаў, няма паэзіі. Яснасць уносіць паэт у вершы «Абвяржэнне», заяўляючы: «Мне чалавечае ўсё было блізка». Так, чалавечае, а не кан'юнктурнае, прыслужніцкае. Дон Пэдра не ўлоўлівае гэтых «нюансаў».