Выбрать главу

— Наадварот. Гісторыкі ў нас не любяць пісаць папулярна, а цікава пісаць мала хто ўмее. Таму ў моладзі, асабліва ў «філалагічнай» моладзі, моцны голад на даўніну. Мастацкія творы ў нейкай меры замяняюць і папулярную гістарычную літаратуру. Гістарычнымі аповесцямі зачытваюцца студэнты. Прытым успрымаюць мастацкія творы без скідкі на белетрыстычнасць.

— Дык там жа ідэалізавана, прыхарошана...— Яўген Іванавіч паблажліва ўсміхаецца,— ды часта не тое, што варта ідэалізаваць. Вось апісвае, напрыклад, адзін малады аўтар князя і захоплена ўскліквае: «Як ён прыгожа еў!» Хіба князь умее прыгожа есці? Арыстакратычная манернасць у застоллі прыгожая? Мужык, селянін есць прыгожа, са здаровым апетытам есць і крошкі акуратна сабярэ. Вось гэта прыгожа! А то — князь... Я рукапіс таго аўтара, хоць ён мо і пакрыўдзіцца, многа дзе скараціць прапанаваў, калі для «Полымя» вычытваў.

Мне здаецца, што недахопы літаратуры на гістарычную тэму — гэта адно, а пытанне пра яе запозненасць — другая справа, таму я перадаю Яўгену Іванавічу словы студэнтаў, ацэнкі канкрэтных твораў, гавару пра тое, як цікава і хвалююча праходзілі ў нас, у Брэсцкім педінстытуце, сустрэчы з Уладзімірам Караткевічам. Мне здаецца, што ў яго рамантычных творах пэўная ідэалізацыя свету якраз і падабаецца моладзі. Канешне, важна, каб рамантызавалася вартаснае, гуманістычнае. Мне вядома, што студэнты і асабліва студэнткі захапляюцца ў рамантычных творах высакароднасцю герояў, адухоўленасцю штодзённых адносін паміж імі. Гістарызм тут — сродак узвышэння маральных праблем да маштабаў агульначалавечых. Не падабаецца дзяўчатам залішняя спрошчанасць асабістых адносін, развязнасць, якую пад выглядам дэмакратызацыі таварыскіх зносін практыкуюць некаторыя сучасныя маладзёны. Дэвальвацыя рыцарскай паставы ў нейкай часткі нашых маладых мужчын засмучае інтэлігентных дзяўчат.

Нешта падобнае, што ў вашым вершы «Сучасная дуэль»,— пераходжу я на канкрэтнасць і нават спасылаюся на афарызм Канта, які назваў мастацтва гульнёй, у часе якой высакародныя думкі становяцца звычкамі ды змякчаюць дзікасць нораваў.

Яўген Іванавіч, відаць, палічыў, што пазіцыі высветлены, пераводзіць размову на іншую тэму:

— Тут жа недзе павінен быць Дзівін?

Я здагадваюся, што гэты гарадок зацікавіў Максіма Танка ў сувязі з сялянскім паўстаннем 1933 года. Расказваю паважанаму госцю, як я першы раз трапіў у гэтыя мясціны ў маі 1950 года, цікавячыся вытокамі паэмы Таўлая «Кобрыншчына».

Пра Кобрынскае паўстанне Яўгену Іванавічу расказваў па свежых уражаннях Мікалай Дворнікаў, які арганізаваў тады дэманстрацыю сялян супраць голаду і кіраваў паходам на маёнтак Булькова. А ўзброены напад на пастарунак паліцыі ў Навасёлках і намер заняць Дзівін — гэта ўжо рэвалюцыйная ініцыятыва сялян, стыхійны парыў. Валянціну Таўлаю расказаў пра тую баявую ноч Канстанцін Грабайла, паўстанец, які сядзеў з ім у адной камеры на Лукішках.

Гаворка наша трапляе то ў давераснёўскія, то ў ваенныя часы, але па сутнасці яна пра адно — пра чалавека, пра яго здольнасць на гераічнае, высакароднае дзеянне, пра знаходлівасць, уменне знайсці выйсце і з кур'ёзных абставін.

Да сакратара Навагрудскага акругкома камсамола, у якога летам 1932 года спыняўся Максім Танк, тады інструктар ЦК КПЗБ, прывезлі з Вільні падпольную літаратуру. Дзяўчына-кур'ер у той жа вечар, выканаўшы даручэнне, стала маткаю. Аказалася, дзяўчына была служанкаю ў горадзе, і гаспадары прадбачліва звольнілі цяжарную з работы. Да бацькоў у вёску ехаць баялася. Падрадзілася перавезці літаратуру падпольшчыкам. Ці не разабраліся, што жанчына ў крытычным стане, ці, можа, думалі — менш падазрэнняў будзе выклікаць у паліцыі... Давялося маладым сябрам узяць не малы па тых умовах клопат на сябе.

Прыгадваецца Танку Нарачанскае паўстанне рыбакоў. ЦК КПЗБ даручыў яму выратаваць інструктара ЦК Аляксандра Багданчука, параненага паліцыяй. I ён уладзіў пераправу важака паўстання за граніцу — у СССР. Паэт дзівіцца сёння, але не са сваёй смеласці падпольшчыка, а з літаратурнай дзёрзкасці, з якою ён анісаў тыя падзеі ў паэме «Нарач».

— Калі б паліцыя была хітрэйшая, дык для яе лепшага матэрыялу і не трэба было б шукаць. Але мастацкіх твораў яны не разглядалі ў такім аспекце. Маё шчасце!.. А то маглі б цераз маю паэзію папасціся ўдзельнікі... Вось было б!..