Спецыялісты кажуць, быццам паэзія Танка развіваецца ў кірунку класічнай завершанасці формаў. Сам паэт як быццам пацвярджае гэтае меркаванне, заяўляючы:
Не будзем упадаць у наіўнасць і грэх літаральнасці. Не ўсякую думку прыхарошваў паэт на пачатку творчага шляху. У ранніх вершах гіпербалізаваліся хутчэй пачуцці, чым думкі. Паэт стаяў тады на барыкадзе, душа яго перапаўнялася рамантычнымі парываннямі. Успрыманне свету героем было гарачым, напружаным, але не такім складаным, як сёння. Хоць паэт і заяўляе, што імкнецца «вершу даць строгую форму ракеты», але на справе ён ідзе да ўсё большай і большай мнагастайнасці форм. Зрэшты, гэта азначае максімальнае вызваленне жанравай прыроды лірыкі як славеснага жывапісу пачуццяў. Сказанае можна лёгка пацвердзіць, калі прабегчы вокам змест пасляваенных зборнікаў: чым бліжэй да сённяшняга дня, тым радзей паэт дае загалоўкі вершам, а гэта бясспрэчнае сведчанне росту лірычнай экспрэсіі ў мастацкім самавыяўленні. У найноўшай паэзіі Танка мы сустракаем творы, вельмі розныя па манеры, ступені закончанасці, тэматычнай важнасці. Побач з вершамі, якія нагадваюць народную песню з яе стылізаванымі вобразамі дзяўчыны і хлопца, з паўторамі дэкарацыйных кампанентаў у сюжэце, з рытма-меладычнай каларытнасцю, стаяць зусім іншыя творы — пазбаўленыя меладычнасці, нерыфмаваныя, шурпатыя, моўленыя радкі, у якіх агеньчык паэзіі схаваны пад цвёрдаю шкарлупінаю думкі. Вершы гэтыя нагадваюць сілагізмы або афарызмы, а закранаюць яны такія вострыя грані жыцця, такія трывожныя роздумы сучасніка, што ім не патрэбна строгая форма ракеты, іх змест робіць уражанне выбуху бомбы. Дынамічная рухомасць, уздыбленасць выслоўя, экспрэсія радка і ёсць тут дасканаласцю формы, якая ўтварылася цераз адштурхоўванне ад традыцыйна паэтычнага выказвання:
Відавочна, было б з эстэтычнага пункту немэтазгодна спарадкоўваць менавіта гэтыя выслоўі ў рыфмаваныя радкі. Паэт спадзяецца на лёгкасць і дынамізм самой думкі. У «Трактаце аб паэзіі» Танк называе гэтае новаўвядзенне «нялёгкастраўнаю формай» і прадбачыць папрокі ў грахах «супраць традыцыі нацыянальнай». Тым не менш ён ідзе на канфлікт з традыцыяй. Не заўсёды, напэўна, наватворы паэта апраўданы, але пошукі новых сродкаў паэтычнага выяўлення — закон мастацкай творчасці. I тое, што паэт, уступаючы ў шаноўны ўзрост, абнаўляе вобразны арсенал больш смела, чым іншыя маладыя паэты, дзівіць і радуе як праява сілы таленту.
Апошнім часам наша літаратуразнаўства шмат зрабіла, вывучаючы паэтычнае майстэрства Максіма Танка. Паэта хваляць за асацыятыўнасць вобраза, за арыгінальныя прыёмы пабудовы тропа і верша ўвогуле. Стасуючы палажэнні сучаснай паэтыкі да твораў Танка, крытыкі выяўляюць высокі клас майстэрства. Чытаць гэтыя даследаванні цікава і карысна, бянтэжыць толькі часам адна акалічнасць: асобныя крытыкі дэманструюць такую тэарэтычную ўзброенасць успрымання, што пахвала аўтару міжвольна выклікае заклапочанасць. Парадокс у тым, што вялікая складанасць канвенцыі не прадугледжана паэтам. Паэт хоча выказвацца зразумела, ён жа гаворыць з народам, чыё ўспрыманне паэтычнай мовы абыходзіцца без коду асацыятыўнасці, як яго разумее сучасная паэтыка. Відавочна, мера як паказчык гармоніі патрэбна не толькі мастаку, але і нам, яго крытыкам.
Вяртаючыся да пачатку гэтых нататкаў, хачу яшчэ раз развеяць мажлівыя сумненні наконт таго, ці магло ўсё, напісанае тут, прыйсці ў галаву аўтару па дарозе з Брэста ў Моталь і назад. Вядома, не. Шмат што прыйшло раней і толькі выйшла на паверхню як вартае ўвагі ў часе асабістых кантактаў з паэтам. Паездка ў таварыстве паэта — толькі адзін з такіх кантактаў. Яна выкарыстана ў гэтых нататках як прыём для таго, каб наглядна паказаць, што Максім Танк не проста майстар складаць вершы, а выдатны мастак і чалавек.