Выбрать главу

Ледзь не ўсе польскія даследчыкі лічаць Гусоўскага выхадцам з Беларусі. Дакладнасць адлюстравання жыцця нашага краю пацвярджае такое меркаванне. Але справа не толькі ў гэтым. Так бачыць свет і так ацэньваць жыццё, як гэта зроблена ў паэме, мог не проста жыхар Беларусі, а яе адданы сын. Верагодна, што рэчка Уса або назвы паселішч Налібоцкая Уса, Усоўшчына далі прозвішча Мікалаю Гусавяніну  —  Гусоўскаму, але яго характар і асобу, бясспрэчна, узгадавала родная глеба  —  прырода, гісторыя і звычаі Беларусі. Заманліва паставіць паэму ў рэчышча грамадскай і літаратурнай явы беларускага Адраджэння.

Заказ мецэната

У 1518 годзе, калі славуты палачанін Францыск Скарына, узброены доктарскімі дыпломамі, зарукай і грашыма віленскага бургамістра Якуба Бабіча, перакладаў, каменціраваў і друкаваў у Празе кнігі Беларускай бібліі з надзеяй узварухнуць грамадскую думку суайчыннікаў, з Кракава ў Італію ехала каралеўскае пасольства на чале з Плоцкім біскупам Эразмам Цёл-кам, каб схіліць папу Лявона X да стварэння кааліцыі хрысціянскіх дзяржаў супраць турак і татар, якія па-гражалі польскай Кароне і асабліва саюзнаму з ёю Вялікаму княству Літоўскаму. У свіце пасла аказаўсл зямляк Скарыны, чалавек таксама адукаваны і даравіты, улюбёны ў родны край і гатовы ахвярна служыць яму працай і талентам. Насіў ён імя самага папулярнага ў народзе святога, апекуна збажыны і гавяды — Міколы.

Гісторыкі кажуць, што польскі кароль Жыгімонт Стары дазволіў Эразму Цёлку падабраць для пасольства самых лепшых сакратароў дзяржаўнай канцылярыі. Сярод гэтых абраннікаў Мікола Гусоўскі не значыцца. Ён, відаць, быў на службе ў біскупа даўно, можа, з тае пары, калі той не насіў яшчэ пурпуровай мантыі, а ўзначальваў вялікакняжацкую канцылярыю ў Вільні. Біскуп-дыпламат паходзіў з мяшчанскага роду, гэта відаць нават па прасцецкім прозвішчы, а зайшоў так высока, бо меў выключныя здольнасці і авалодаў навукамі. Такія людзі звычайна ўмеюць прыблізіць да сябе здольных паплечнікаў і падначаленых. Мікалай Гусоўскі, у кожным разе, пасаваў да такога абранніка, ён даказаў неўзаюаве, што мог стаць кімсьці большым, чым сакратаром або нават кансультантам пасла па справах Вялікага княства Літоўскага і сваёй радзімы Беларусі.

Выпадак надарыўся нібыта сам сабою. Аднойчы дыпламаты забаўляліся боем быкоў на арэне рымскага цырка. У самы разгар відовішча хтосьці з пасольскае світы сказаў, што яму прыгадалася нешта знаёмае — паляванне на зубра. Гусоўскі падхапіў размову і расказаў пра свае паляўнічыя прыгоды. Апавяданне зацікавіла саноўнікаў не менш, чым арэна. Сам папа Лявон X, заядлы паляўнічы, звярнуўся да Эразма Цёлка з просьбай дастаць яму чучала гэтага звера. Біскуп адправіў ганца ва ўладанні Радзівіла, а Міколу Гусоўскаму загадаў «паўтарыць расказанае ў форме песні».

Нялёгкая справа — прыўзняць жывую гутарку да высокага гучання паэмы. Свецкая і духоўная арыстакратыя тагачаснай Еўропы густавала ва ўзнёслых радках Гарацыя, Віргілія, Авідзія і ад сучасных паэтаў патрабавала вучонасці, ведання класічных узораў і прынцыпаў, умення паднімацца да іх. Мікола Гусоўскі не мог ігнараваць тагачасных эстэтычных патрабаванняў і крытэрыяў, але свежы поспех яго жывога расказу ў знатных слухачоў спакушаў паэта «застацца сабою». Расказваючы паляўнічыя гісторыі, гэты бывалы ўжо чалавек па рэакцыі субяседнікаў мог упэўніцца, які важкі быў яго жыццёвы вопыт. Паэт меў аказію праверыць эстэтычную вартасць той асабістай і нацыянальнай адметнасці, якую ён увасабляў. Наспявала рашэнне не мудраваць, а даверыцца памяці сэрца, пакласці прыём успамінаў і расказаў у аснову будучай паэмы, яе сюжэта, кампазіцыі, стылю.

Памяць паэта звычайна захоўвае найбольш яскравыя ўражанні. У часе ўспамінаў як бы сам сабою праходзіць мастацкі адбор, і калі асоба мастака багатая, арыгінальная, то яму, бывае, хопіць сумленна паставіцца да перажытага, каб сам працэс творчасці навёў на выбар галоўнага, тыповага і атрымалася абагульненне жыцця. Канешне, палёт творчай думкі заўжды падтрымліваюць густы той эпохі ці асяроддзя, у якім мастак жыве, эстэтычныя ідэалы, праграмы і каноны. I чым лепш распрацавана сістэма правілаў, тым больш будуць яны абмяжоўваць творчую свабоду, бо ўся эстэтыка мінулага гістарычна абмежавана. Толькі ў пераломныя часы, на стыках эпох, на зломах традыцый узрастала новае, самабытнае. Паэма Гусоўскага лішні раз пацвярджае гэта.