«Песня пра зубра» захавала стылёвы каларыт вуснага расказу-гутаркі, адрасаванага слухачу. У стылі паэмы ёсць шмат чаго ад гутарковай жывасці казак, былін і дружынных прамоў з іх шчырай прастатою і непасрэднасцю зносін. Можна лічыць гэту размоўнасць адгалоскам сярэдневяковай літаратуры, дзе творы звычайна разлічваліся на вуснае чытанне і калектыўнае праслухоўванне. Аднак жа ў цэлым паэма як малюнак жыцця, арыентаваны на рэчаіснасць, належыць да новай эпохі — Адраджэння.
Сказавая форма патрабуе ад аўтара ўводзіць, акрамя аб'ектывізаваных характараў і малюнкаў жыцця, прынамсі два суб'ектыўныя вобразы: апавядальніка і ўяўнага слухача. У нашым выпадку апавядальнік і слухач— людзі далёкіх краін, прадстаўнікі розных культур і мастацкіх традыцый. Каб зразумець адзін аднаго, ім трэба дамовіцца, прыняць нейкія агульныя прынцыпы зносін. Гусоўскі прапануе пакласці ў аснову паэтычных зносін праўду і сэнсоўнасць — прынцып рэалістычны, рэнесансавы. Для аўтара гэта азначала добраахвотнае адрачэнне ад нацыянальнай радзімнай фальклорнай традыцыі, дзе асновай мастацкасці была фантастыка, выдумка, легенда, язычніцкае абагаўленне свету. Ці мажлівай была такая ахвяра?
Пафас шчырае праўды захоплівае паэта з першых радкоў, дзе ён адкрываецца як чалавек дзіўнага лёсу: у маладосці паэт быў спраўным і, у межах адпушчана-га чалавеку, адважным лаўцом, потым лёс зрабіў яго кніжнікам, даў пазнаць летапісы роднага краю і кнігі антычных пісьменнікаў, прывёў на двор біскупа, «вялікага мужа». Аўтар перажыў прыгоду жыцця якраз на меру бурнай эпохі Адраджэння, ён гэта ведае і не праміне выпадку расказаць пра сябе.
Мастак, яго чалавечы і грамадзянскі лёс часта апы-наецца ў кампазіцыйным цэнтры твора, адцясняючы тытульны эпічны вобраз зубра і зубрападобных князёў. Амаль выключна з тэксту паэмы нам дасталіся біяграфічныя звесткі пра аўтара, яны скупыя, але іх дастаткова, каб скласці пэўнае ўяўленне пра Міколу Гусоўскага — сына лясоў, які стаў сынам навук, і палюбіць яго за суровае, поўнае небяспечных выпрабаванняў юнацтва паляўнічага, за вопыт жыцця асвечанага мужа, які ўмее высакародна і мудра цаніць чалавека.
Мікола Гусоўскі ўдзячны мецэнату, які вывеў яго ў людзі, далучыў да культуры, але, у глыбіні душы, дзесьці скардзіцца на яго за тое, што саноўнік звёў яго, прастака, з роднага краю. Адважны лавец, сын лясоў пакутуе ад зменнасці свайго лёсу, прагне ранейшай прастаты і суровай інтэнсіўнасці жыцця. Яго паэму можна разглядаць як унутраны парыў злучыць разарванае жыццё, злучыць у думках, у фантазіі. Творчасць — тое ж паляванне, справа цяжкая, рызыкоўная, але і вартая мужчыны. Хіба паспрабую?..
Чытач тут можа паціснуць плячыма: «Дзівак-чалавек гэты Мікола Гусоўскі, цяжка зразумець яго: ці ён рамеснік, што выконвае заданне сіньёра-заказчыка, ці паэт, які творыць паводле ўласнага натхнення?» Сам Гусоўскі не бачыў супярэчнасці ў гэтым маналогу. Адною нагою стаяў ён яшчэ ў сярэдневякоў'і, таму быў пэўны, што аўтарытэт знакамітага заказчыка пераходзіць і на майстра. Без аўтарытэтаў ён не можа абысціся, але абмежавацца аднымі аўтарытэтамі ўжо не хоча. Яму смялей брацца за пяро, адчуваючы за сабою маральны аўтарытэт апекуна, але аснова смеласці ў тым, што ён знае справу, пра якую трэба пісаць. Веданне справы цэніць дзелавіты рэнесансавы Захад, і паэт наш не такі прастак, ён ведае, як здабыць італьянскага чытача: