Выбрать главу

Сутыкненне і сумяшчэнне нацыянальнай вусна-паэтычнай традыцыі з рэнесансавай кніжнай стала асновай кампазіцыі паэмы, яе ліра-эпічнай структуры. Падпарадкоўваючыся рэнесансаваму патрабаванню паслядоўнасці, яснасці, зграбнасці выкладання зместу, Гусоўскі стрымлівае лірычныя адступленні, але робіць гэта ўслых і таму на справе памнажае іх колькасць, узбагачае ліра-эпічную структуру твора.

Шануючы свайго чытача, называючы яго дапытлівым і разумным, паэт запэўнівае, што гаворыць толькі праўду:

Я ж разумею, што тым, для каго я спяваю, Праўда за ўсё даражэй, і пагэтаму стаўлю Кропку над «і»: невядомае мне невядома. (19) Я ж не прыхільнік здагадак і розных фантазій, Тое пяру давяраю, што сам неаднойчы Бачыў, праверыў, зрабіў,—свой мазолісты вопыт. (32) Я ўваскрашаю карціны былога і знаю: Праўдаю гэта палічаць адны, а другія Скажуць — манюка! Хай кажуць. (28)

Хто ж гэтыя другія? Як яны ўяўляюцца паэту? Другія—гэта, відаць, адукаваныя начытнікі, рутынёры, схільныя верыць літары кніжнай, прызнанаму аўтарытэту болын, чым жывому сведку і яго вопыту. Разбіць кніжную выдумку пра зубра— вось адно сярод запаветных жаданняў мастака. Былы паляўнічы выказвае не малую начытанасць, ён папраўляе некалькіх антычных аўтараў, якія апісвалі зубра паводле чутак і скрывілі яго вобраз. У гэтых спрэчках мы зноў бачым рэнесансавы погляд на паэзію як на родную сястру навукі і законную дачку прыроды (Леанарда да Вінчы).

Сын асвечанай эпохі, Гусоўскі пранікаецца пафасам палемікі, страсцю праўдамоўнасці:

Я прысягаюся: скрозь, да апошняга слова Пець толькі праўду, хоць кожнаму добра вядома, Што і ў дасціпныя выдумкі — байкі і казкі — Вераць і дзеці і часам дарослыя людзі. (26—27)

Аднак жа паэт — не тое што сведка на судзе, якому даволі назваць некалькі новых фактаў, каб пакінуць залу з пачуццём споўненага абавязку: суд разбярэцца, складзе з розных сведчанняў праўдзівую карціну і вынесе аб'ектыўны прысуд, дасць справядлівую ацэнку. Паэту трэба быць і кампетэнтным сведкам, і мудрым суддзёю ў адной асобе. Адчуваючы, што прамога вопыту нават яму будзе замала, Гусоўскі называе дадатковыя крыніцы, з якіх ён чэрпаў звесткі для твора,— гэта старадаўнія беларускія летапісы і народныя паданні, легенды, павер'і. Да крыніц ускоснага вопы-ту ён ставіцца крытычна, але, як убачым, менавіта з беларускіх летапісаў возьме гераічную здаровую гра-мадзянскасць як узор жыцця, як эталон і крытэрый ацэнак сучаснасці.

Ацэнка — самы адказны момант у творчасці. Наш паэт шчыра прызнаецца, што звязаны пэўнымі празі-ламі: яго апякун і заказчык прызнае толькі тое, «што і прыстойна, і вартае сану духоўных». Паэт мусіць пісаць так, каб словы «богу і пану майму дагадзілі па густу». Хай не шукае чытач у паэме «ні асалоды жыцця, ні вяселля, ні ласкі». Тут важна адзначыць, што Гусоўскі адчувае розніцу паміж пазнавальнаю і эстэтычнаю функцыяй паэзіі, ён не ігнаруе апошняй, а толькі абмяжоўвае яе рамкамі хрысціянскай дактрыны, увогуле паслабленай гуманістычнымі павевамі жыцця. Якія ж асалоды ён лічыць прыстойнымі для чытача? Эмоцыі мужныя і высокія: адольванне страху, радасць паляўнічых удач, захапленне красой і сілай прыроды, знаёмства з экзатычным краем, сваёю радзімай. Радасць пазнання — вышэйшая сярод асалод, яна нясе перамогу над забабонамі. Праўдзівасць — вось крыніца асалоды і аснова хараства твора. Аўтар заклапочаны, што не можа адрасавацца да прамога вопыту чытача, расказваючы пра перажыванні паляўнічага, які сустрэўся з зубром: