Мастацкасць у разуменні Гусоўскага — гэта перш за ўсё праўдзівасць, а затым майстэрства. Ён па-сярэдневяковаму адчувае яшчэ блізкасць мастацтва і рамяства, таму не турбуецца думкай пра талент, а заклапочаны толькі няўмельствам, нявопытнасцю і бракам часу. Неспрактыкаванасць у вершаскладанні — вось адкуль ён чакае хібаў, а хібы — гэта мажлівыя адступ-ленні ад тэмы і складанага сюжэта:
Паэт не хоча адступаць ад тэмы, але насуперак яго жаданню думка збіваецца з простай каляіны:
Гусоўскі паважае розум, сэнсоўнасць, лад і зграбнасць, але ў натуры яго ёсць нешта такое, што перашкаджае яму рэалізаваць гэтыя прынцыпы ў паэме. Песняра заносяць пачуцці, ён абрывае сябе, дакарае і апраўдваецца, збіваецца і папраўляецца так часта, што гэта выглядае на знарокавую гульню. Але какетнічаць Гусоўскі не любіць. Мы пачынаем падазраваць: ён нешта скрывае. Не адразу, аднак, можна ўцяміць, што ў адступленнях засяроджана аўтарская ідэя. А яна шырэй, чым заказ біскупа і пажаданні шукальніка экзотыкі папы Лявона X.
Да заказное тэмы пра зубра, паляванне і экзотыку паўночных пушчаў паэт падключыў спачатку роздум пра творчасць, пра спосабы адлюстравання жыцця ў мастаптве. пра вартасць прамога і ўскоснага вопыту, праўды і выдумкі, пра віды асалод. Паэма набыла жывое дыханне, і тады паэт вельмі інтымна, асабіста ўвёў у твор тэму радзімы. Зубр стаў запаветным вобразам, які абудзіў памяць радзімьі, а радзіма — крыніцай натхнення. Заказ мецэната перарос у заказ сэрца, абавязак — у натхненне. Пясняр адчуў патрэбу выліць душу ў песні, выказаць тугу па далёкай і мілай Айчыне, па вольным жыцці паляўнічага, уздыхнуць па зухаватай маладосці, паляцець на крылах успамінаў з раскошных пасольскіх пакояў у родныя бары ці ў княжацкія замкі, да суровых, мужных і шчырых людзей, да вытокаў, да ўсяго таго, што зрабіла яго чалавекам, асобай.
Мікола Гусоўскі аказаўся настолькі самабытнаю індывідуальнасцю, што яму стала цесна ў рамках тэмы і задачы, пастаўленай мецэнатам, хоць і тая задача была яму блізкай. Далікатна агаворваючыся і апраўдваючыся перад чытачом, ён спакусіўся пакінуць «вечнаму гораду» свой вобраз радзімы, а менавіта не толькі дзівоснага краю, але краю пакутнага і мужнага, вартага болыпай увагі, лепшай долі. Па меры таго як песня ўзбагачаецца тэмай асабістага і нацыянальнага лёсу, Мікола Гусоўскі ўзыходзіць на арбіту нацыянальнага паэта, становіцца ўпоравень са Скарыною. Ахвярнаю асветніцкай работай Скарына ўзворваў беларускую глебу пад засеў гуманістычных ідэй, а Гусоўскі спадзяваўся ўвесці беларускае жыццё і гісторыю ў пантэон гуманістычнай культуры Еўропы. Ідучы з розных кірункаў, ужываючы розныя сродкі, абодва гуманісты, паэт і вучоны-першадрукар, выконвалі тую самую цывілізатарскую і патрыятычную місію.
Развіццё задумы ад абавязку да натхнення спарадзіла пэўную двухпланавасць твора Гусоўскага, надало спецыфічны падтэкст і ўскладніла структуру. Знарокавая спантаннасць, знешняя раскіданасць кампанентаў прыкрывае ўласцівую аўтару дваістасць мастацкага бачання свету.
Нават у заказной тэме зубра, палдвання і экзотыкі пушчаў скрыжоўваюцца рэалістычныя штрыхі, адпаведныя прынцыпам заходняга рэнесансу, і штрыхі фалькларыстычна-фантастычныя, уласцівыя тагачаснай нацыянальнай традыцыі аўтара.
У стылі рэнесансавай паэтыкі з яе ўстаноўкамі на дакладнасць і яснасць апісаны выгляд зубра, яго будова, пастава, спрыт. Рэліктавы волат, цар пушчы толькі здаецца непаваротлівым і грузным, на самай справе ён, бы віхар, імпэтны і жвавы. Паказваючы зубра ў руху, у дзеянні, паэт даходзіць да натуралістычных дэталяў: