Цікава адзначыць, што Гусоўскі ідзе тут за паданнямі і павер'ямі, хоць яны пярэчаць вопыту лаўца. Паляўнічы не мог не бачыць, што важакамі ў зубрыных стадах з'яўляюцца самкі, а не самцы. Але гэты матрыярхат, відаць, нельга было выстаўляць напаказ, жадаючы выдаць зубра за рыцара. I паэт, дзе толькі можна, падкрэслівае згуртаванасць і разумнасць зубрынай сям'і-дружыны, структура якой у яго апісанні стала патрыярхальнай:
Народныя павер'і, фальклорная ідэалізацыя ў паэме з'яўляюцца не толькі стыхійнаю праявай нацыянальнай традыцыі, а сродкам мастацкага мадэлявання ідэалу жыцця. Туга па гераічнай еднасці асобы і грамадства надае вобразу зубрынага статка і карцінам паляўнічых сутычак эпічнае ўзнёсла-рамантычнае гучанне і глыбокі надтэкст.
Узор гераічных характараў і адносін узяты паэтам з народных павер'яў пра зубра, з летапісаў і легенд роднага краю, асэнсоўваецца ў самым вялікім аўтарскім адступленні, якое прысвечана Вітаўту і яго часу.
«Песня» дае два вобразы ўладароў Вялікага княства Літоўскага — Вітаўта і Сігізмунда. Сігізмунд — сучасны паэту «бацька бацькаўшчыны», здавалася б, павінен заняць пярэдні план. А выйшла наадварот. Мімаходзь толькі паказаў мастак Сігізмунда як смелага паляўнічага, які першы кідаецца на раз'юшанага звера, парываючы за сабою лаўцоў. Сказаўшы, што асабісты ўдзел караля ў паляўнічым спаборніцтве аніяк не шкодзіць яго славе і годнасці, паэт прыпыніў сябе на паўслове і паабяцаў апець вялікую справу пануючай асобы другім разам, калі будзе мір, спакой і вольны час. Такі ход, на першы погляд, здаецца незразумелым, бо, акрамя ўсяго іншага, Сігізмунд Стары быў прыхільнікам рэнесансавай гуманістычнай культуры. Сам Эразм Ратэрдамскі хваліў яго мецэнацтва, а прыдворны паэт Кшыцкі вуснамі Рэчы Паспалітай заяўляў: «Маю такога ўладара, што больш знатнага не знайсці на свеце». Прыяцель Кшыцкага Ян Дантышэк уторыў яму: «Гэта муж, у якім можна бачыць згустак адных высокіх якасцей». Іншы прыдворны пясняр захоплена ўскрыкваў, што пры Сігізмундзе «дзікая Сармацыя (Польшча) стала другою Грэцыяй ці Італіяй». Чаму ж наш зямляк адклаў такую аказію? Можа, таму, што яму не хапала свецкай аглады? Але ж мы яго бачылі дастаткова працёртым, праніклівым і эрудыраваным. Справа, відаць, у ідэйнай пазіцыі Гусоўскага.
Сігізмунд Стары адступіў ад традыцыйнай палітыкі сваіх продкаў, якія наводзілі парадак у дзяржаве, абапіраючыся на шляхту. Ён зрабіў апорай улады магнат'аў і выклікаў крызіс даверу ў шляхты, заслужыў клічку «сенатарскага караля». Канфлікт гэты ў трыццатыя гады прыме форму адкрытага шляхецкага бунту «ракошу» і прывядзе да так званай «курынай вайны», а покуль што ў Рэчы Паспалітай шырыўся рух за «экзекуцыю правоў», г. зн. за строгае выконванне каралём усіх законаў і прывілеяў, якія даравалі шляхце яго папярэднікі. Апазіцыю шляхты узначальвау прымас Ян Ласкі, дарэчы, зацяты праціўнік Эразма Цёлка. Барацьба за «вольнасці шляхецкія» перакінулася і на Вялікае княства Літоўскае, дзе самавольства магнатаў не мела граніц. Сігізмунд стаяў на сваім. Толькі ў 1529 годзе ён даруе славуты «Статут Вялікага княства Літоўскага» — звод законаў, які меўся рэгуляваць адносіны паміж магнатамі, шляхтай і «персонай гаспадарскай», а выбарныя земскія суды прыйдуць на месца замкавых ажно ў палове стагоддзя. Шляхту Вялікага княства Літоўскага ў яе спрэчках з каралём і магнатамі падтрымлівала каралева Бона. Не выключана, што з надзеяй на заступніцтва ёй менавіта прысвяціў сваю паэму Гусоўскі. У кожным разе ідэалам вярхоўнага ўладара ён аб'явіў не Сігізмунда, а Вітаўта — пазіцыя ў лепшым сэнсе прынцыповая і для свайго часу прагрэсіўная. Паступіць так недыпламатычна, знаходзячыся ў складзе дыпламатычнай місіі, мог або наіўны прастак, або сапраўдны буйны паэт.
Вітаўт як ніхто ўзвысіў шляхту і пры яе падтрымцы скарыў гардыню ўдзельных князёў, дабіўся цэнтралізацыі ўлады. Пры ім Вялікае княства Літоўскае дасягнула найбольшых граніц і вяло адносна незалежную палітыку. Княжанне Вітаўта трактуецца ў паэме як час гераічных спаборніцтваў, дзе кожны чалавек меў поле для подзвігаў і сцвярджэння сваёй годнасці: