Урачысты, спакойны, як у храністаў, расказ пра заслугі Вітаўта для краю пераплятаецца экспрэсіўнымі сцэнамі-прыкладамі. Перад намі праходзяць поўныя дынамікі і запалу спаборніцтвы па стральбе з лука, кіданні коп'яў у зубра, якога сяляне па загаду князя лавілі жыўцом і распісвалі кругамі-мішэнямі. Паэт адчувае попыт арыстакратычнага італьянскага чытача на экзотыку і ўмее дагадзіць яму, прыводзячы сенсацыйныя дэталі, малюючы поўныя небяспекі прыгоды і жахі (пакаранне смерцю прадажных суддзяў і ашуканцаў). Гусоўскі добра адчувае стыхію паэзіі, яе сілу і здольнасць перадаваць плынь часу, рух падзей, змену пачуццяў. Спаборніцтва воінаў на пераправе цераз раку апісана так яскрава, быццам паэт бачыў яго і хваляваўся за рызыкоўных юнакоў: а было ж гэта ў гістарычныя часы Вітаўта:
Пахвала Вітаўту і. яго гераічнаму веку нечакана канчаецца жыційнаю фігурай, аказваецца, князя варта славіць да нябёс таму, што «ён быў набожным і першы з народамі княства сам ахрысціўся», «цэрквы богу адзінаму скрозь будаваў». Тут яўная ідэалізацыя жыційнага характару. Аўтар, напэўна, знаў, што Вітаўт адносіўся да веры так, як належала палітычнаму дзеячу — чыста утылітарна: ён дабіўся асобнай праваслаўнай мітраполіі ў Наваградку, бо хацеў, каб царква яго дзяржавы не падпарадкоўвалася замежным цэнтрам, але сам асабіста пераходзіў з язычаства на праваслаўе, потым двойчы на каталіцызм, у залежнасці ац палітычных абставін. Сын язычаскай жрыцы Біруты, якая, па словах летапісца, «на Полонзе была хвалена от людей за богнню», покуль яе сілай не ўзяў за жонку князь Кейстут, Вітаўт увабраў у сябе і захаваў тыповыя рысы племяннога правадыра: быў ваяўнічы, уладарны, суровы і просты ў побыце (не браў у рот ні віна, ні піва, ні нават мёду). Пасля Грунвальдскай перамогі, напрыклад, было загадана тут жа разбіць трафейныя бочкі з хмельным пітвом, і, па словах польскага летапісу. віно цякло ракою. абмываючы трупы крыжакоў. За гэту суровую грамадзянскасць, за ўзвышэнне воінскай мужнасці прававерны католік, але і шляхціц па духу Гусоўскі гатовы быў дараваць Вітаўту рэлігійную абыякавасць. Ён адхіляе пашыраныя ў народзе папрокі князю за смерць многіх людзей на вучэннях і паляваннях. Гусоўскі славіць вучэнні-спаборніцтвы як школу грамадзянскага выхавання:
Крыніца і ўзор ідэалізацыі Вітаўта знаходзіцца ў летапісах, якія ўзносілі гэтага князя вышэй за ўсіх Князёў і каралёў. Аднак трэба заўважыць, што Гусоўскі падышоў да летапісу самастойна, творча, ён, для прыкладу, не выкарыстаў легендарных аповесцей аб паходжанні літоўскіх князёў і знаці ад рымлян. Такія егенды ствараліся ў яго часы па заказу вяльмож і ўключаліся ў пашыраную рэдакцыю беларускіх летапісаў. Яны меліся давесці перавагу літоўска-каталіцкіх вяльможаў над беларускай, у масе сваёй праваслаўнай, шляхтай, а гісторыю Вялікага княства Літоўскага падаць за працяг гісторыі Рымскай імперыі. Прыняць гэтыя легенды паэту, мабыць, не дазваляў шляхецкі дэмакратызм і пачуццё беларускай нацыянальнай годнасці. Зрэшты ён павінен быў узважваць, як бы аднёсся да такіх генеалагічных прэтэнзій нейкага «дзікага» княства рымскі арыстакрат, якому адрасавалася паэма. У кожным разе, Гусоўскі заявіў, што яго народ узяў пісьмо ў грэкаў і прыстасаваў чужыя літары да гукаў роднай мовы, застаючыся сабою. Ізноў жа — смелы і незалежны погляд католіка і слугі каталіцкага біскупа: