Намаляваная паэтам панарамная карціна гераічнай эпохі Вітаўта нясе смелы падтэкст: у даўнія добрыя часы край яго бачыў спаборніцты не такія, якімі захапляецца сучасны Рым. Ды і цяпер там, на радзіме, захаваліся гераічныя традыцыі, якія могуць спатрэбіцца і сёння для абароны хрысціянскага свету ад мусульманскай пагрозы.
Эпохі, як жывыя істоты, маюць сваю маладосць і сваю старасць. Ёсць пэўнае падабенства паміж раннімі стадыямі розных фармацый: яны аптымістычныя, дзейсныя, акрылёныя духам пошукаў і стварэння. Эпоха Вітаўта была юнацтвам феадальнага грамадства ў карэннай Літве. Славянскія княствы, трапіўшы пад уладу літоўскіх князёў са сваім пераспелым феадалізмам, у нейкай меры як бы вярталіся ў маладосць, адраджаліся з попелу феадальнай распыленасці, цвілі другім цветам. Яны апладнілі маладую шматплямённую дзяржаву вопытам культуры і асветы, накопленым у часы Кіеўскай Русі. Беларуская народнасць, што ўзнікла ў гэтых спецыфічных умовах, дала княству Гедымінавічаў, акрамя ўсяго іншага, дзяржаўную мову, пісьменства і літаратурную традыцыю, поўную гістарычнага аптымізму і патрыятычнага пафасу. Літаратура Вялікага княства Літоўскага таксама стала выражаць ідэалы феадальнай дэмакратыі з характэрнымі для яе пачуццямі ўнутрысаслоўнай роўнасці, чэсці, доўгу, любві да радзімы.
Грамадскія ідэалы жывуць у характарах, поглядах і справах людзей. Гусоўскі лічыць Вітаўта выдатным і мудрым дзеячам за тое, што той заахвочваў падданых сцвярджаць сваю грамадзянскую прыдатнасць цераз удзел у вайсковых спаборніцтвах і сумленнае выкананне даручаных абавязкаў. Тады паміж князем і падданымі была згода, панаваў уздым і энтузіязм, цяпер жа феадалізм падыходзіў да свайго апагея — гераічныя традыцыі захаваліся сярод «паспалітай» шляхты, але ранейшай падтрымкі ў кіраўніка дзяржавы шляхта ўжо не мае.
Носьбітам даўніх гераічных ідэалаў Гусоўскі малюе сучаснага яму лаўца. Ён свабодны чалавек, бо «перад законам і правам лясным на здабытак роўныя ўсе»; ён вынослівы, смелы і ўмелы, бо на аблаве, як на вайне, «сваімі рукамі трымаеш дзіду ці лук ды і долю сваю пад сярмягай». Калі часам трапіцца сярод паляўнічьтх баязлівец, лык абавязкова нехта з радавітых, вяльможных. Схаваўшыся за куст, такі зушок бабахне з мушкета па зубру, ды тут жа і сам памрэ са страху. Па абавязку хрысціяніна, паэт спачувае няшчаснаму, але не праміне выпадку расказаць, як моладзь кпіла з ганебнай смерці вяльможнага баязліўца і напісала нават пацешную эпітафію на магільным крыжы.
Апынуўшыся ў Рыме, культурным цэнтры еўрапейскага Адраджэння, Гусоўскі мог з задавальненнем бачыць, што смелы, рызыкоўны, знаходлівы ў небяспечных пераплётах чалавек быў і тут героем дня. Паказальна ў гэтым сэнсе рэпліка Хрыстафора Калумба з пісьма каралю Фердынанду: «Цяпер нават краўцы хочуць быць адкрывацелямі мацерыкоў». Адраджэнне — досвітак буржуазнай эпохі, і, натуральна, аптымізм ранніх стадый рабаўласніцкага і феадальнага грамадстваў быў яму сугучны. Мікола Гусоўскі ішоў у ногу з духам новага часу, калі ідэалізаваў гераічную эпоху Вітаўта і трактаваў грамадзянскія ідэалы продкаў, захаваныя ў летапісах і народных паданнях, як запавет сучаснікам. Дарэчы, гуманісты заходнееўрапейскіх краін такім жа чынам трактавалі гісторыю і культуру старажытных Грэцыі і Рыма, а наш Францішак Скарына — біблейскія часы і паданні.
Перазовы ідэй у Гусоўскага і Скарыны ўбачыць лёгка, хоць гэта розныя людзі. У іх рознае грамадскае становішча, розныя пазіцыі, нават таленты і характары, а значыць, і канкрэтныя творчыя задачы. Скарына больш грунтоўна, чым Гусоўскі, вядзе пошукі ідэальнай дзяржавы, правіцеля і грамадзяніна. Скарына не задавальняецца нацыянальным вопытам, не асляпляецца веліччу літоўскіх князёў, ён перабірае ў думках вопыт сусветны. З пашанаю называе Скарына ў сваіх «предословнях» і «сказаннях» выдатных заканадаўцаў, што дзейнічалі ў Сяродземнаморскіх краінах на заранку гісторыі: гэта афінянін Салон, спартанец Лікург, рымлянін Нума Пампей. Яны далі прыклад заканадаўчай дзейнасці ўсім іншым народам. Называць нацыянальных заканадаўцаў Скарына не лічыць патрэбным. Яго цікавяць сусветныя маштабы. Думка вучонага-гуманіста лунае высока. Толькі раз упамянуў ён імя «наиласкавшего Жигимонта Казимировича, короля польского и Великого князя литовского и русского и жамонтьского»26і змясціў пад іконкаю багамаці мініяцюркі каралевы Боны і караля. Ды чаго ўсё гэта варта ў параўнанні з вялікімі гравюрамі — кожная на старонку — біблейскіх цароў, суддзяў, прарокаў або яшчэ лепш — з трыма ўласнымі партрэтамі. Сапраўды ідэальная дзяржава, валадары і грамадзяне, у разу-менні Скарыны, былі ў біблейскія часы. Гэта Маісей — «законодавець», што ўстанавіў людзям суды, «ими же ся мели справовати межи собою», гэта Саламон, які «не просил себе дней многих, ни богатества, ни душ врагов, но жадал собе мудрости к наученню судов».