Князю Вітаўту, па словах Гусоўскага, дастаткова было прыроджанай праніклівасці і цвёрдасці характару, каб трымаць парадак у дзяржаве. Скарына патрабуе ад уладара большага, а менавіта мудрасці, без якое нельга ўстанавіць справядлівыя законы і правільна, на падставе законаў, кіраваць людзьмі. Не будзе справядлівым той суддзя, які судзіць зверху. Суддзі, пастаўленыя Маісеем, каб кіраваць людзьмі, «не справовали суть их, яко цари или властители вышнии, силу нмеющне над ними, но яко ровнии и товарищи, раду им даючы и справедливость межи ними чинячи». Пра аднаго такога патрыярхальнага суддзю Скарына заўважае: «Сей имел тридцеть сынов, ездяшнх на тридцети ослех и княжаіцих во тридесяти градех».
Закон у Скарыны — гэта універсальны сродак выхавання людзей — і каралёў, і падданых, рэгулятар функцый грамадскага арганізма.
Універсальны закон адпавядае такому ж універсальнаму ладу жыцця, пад якім Скарына разумее гармонію паміж уладай і падданымі. Аснова гармоніі — божы і чалавечы розум, а яе інструмент — разумны закон. Даючы законы жыццю, розум божы і чалавечы імкнецца ператварыць жыццёвы хаос у суладную гармонію. Хаос — гэта аблада д'ябла, з якое нячысты выгнаў бога, а значыць, і розум, справядлівасць, хараство.
Тры гэтыя катэгорыі: розум, справядлівасць і хараство з'яўляюцца для Скарыны, як і для іншых вучоных людзей Адраджэння, трыма слупамі, на якіх трымаецца гармонія свету.
Дзяржава, якая кіруецца разумнымі і справядлівымі законамі,— гарманічная і прыгожая. Разумны і выхаваны чалавек, які выконвае законы без прымусу, гарманічна дапасоўваецца да грамадства і знаходзіць шчасце. Чалавек, які ўразумее універсальнасць гармоніі свету і сам разумна ўступіць у яе — знойдзе шчасце, спазнае любоў і эстэтычную асалоду.
Калі б папрасіць Скарыну напісаць прадмову да паэмы Гусоўскага, то ён мог бы заявіць, што ў гэтай кнізе сказуецца пра Вітаўта, князя лютага на ворагаў, які ліхаімцаў і крывапрысяжцаў строга судзіў, але не склаў заканадаўства, якім маглі б кіравацца ўсе людзі паспалітыя ў дзяржаве. Скарына блізкі да перадавых гараджан, саслоўя, што было зацікаўлена ў міры, законнасці, свабодзе рамёстваў і гандлю, вольнай змене месц і свабодзе думак.
Гусоўскі — выразнік настрояў шляхты, саслоўя воі-наў, якое патрабавала права кіраваць дзяржавай узамен за абавязак абараняць яе межы. Шляхта таксама дамагалася законаў, як і гараджане, купцы, толькі не універсальных законаў для ўсіх саслоўяў, а законаў-прывілеяў для сябе. Шляхта хацела абмежаваць усеўладных магнатаў, дабіваючыся ўсё новых і новых прывілеяў караля. Гараджане і шляхта мелі розныя становішчы і розныя функцыі ў феадальнай дзяржаве, але паколькі гэтыя функцыі былі ў эпоху Скарыны і Гусоўскага яшчэ, у асноўным, стваральнымі і карыснымі для грамадства ў цэлым, то ідэолагі гэтых саслоўяў сходзіліся на патрыятычных імкненнях, якія ўвасаблялі карысны характар гэтых саслоўяў. Разыходжанні датычылі разумення законаў і правоў. Скарына болып дэмакратычны за Гусоўскага. Ён — універсальны за-коннік. Кожнаму разумнаму чалавеку сама прырода, маўляў, 'напісала ў сэрцы закон, паводле якога трэба «то чинити иным всем, что самому любо ест... и того не чинити, чего сам не хощешм от мных мметм». На такой універсальнай аснове створаны пісаныя законы. Яны розныя, як і людзі, што розным «языком ся любят» ды займаюцца рознымі справамі, кіруючыся словамі апосталаў, «дабы иные на свете собирали сокровища, иные крепости, иные премудрости». Толькі ў адным людзі могуць сысціся: «абы были права их, или закон почтивый, справедливый... пожиточный подле прирожения, подлуг обычаев земли, часу и месту пригожий, явный, не имея в собе закрытости, не к пожитку единого человека, но к посполитому доброму написанный».
Чым табе не ўзор Сігізмунд Казіміравіч, якому належыць упарадкаваць суды і законы ў краіне? Не абыходзь міласцю ніводнага саслоўя, не ўзвышай магнатаў, не пестуй шляхты, а справядліва надзялі правамі ўсе саслоўі ў адпаведнасці з іх прыроджанымі абавязкамі і дзеля агульнай карысці.