Выбрать главу

У бібліі Скарына знайшоў і ўзорных грамадзян, выхаваных вялікімі царамі-заканадаўцамі і апосталамі. Добры чалавек павінен верыць у бога? Так, але «вере потребне суть добрые дела». Вуснамі апосталаў бог жа загадаў гнаць дармаедаў: «кто не хощет делати, да не ясть и к делу приставлен да будет». Скарына некалькі разоў пераказвае раннехрысціянскае правіла: «пребывати... во делании руками своими». Скарына вылучае ў каментарыях да біблейскіх кніг дзейсных, ініцыятыўных людзей, як узоры для пераймання: вось Ісус Навін — «муж мудрый, смелый, сильный и цнотливый... у своих справах .чуйный и порадный», або Самсон, «той единою щекою ословою тысещу филистымских мужей убил и иныи богатырскии многне дела чинил». Яшчэ вышэй ставіць Скарына грамадзянскую доблесць Юдзіфі. Яна — прыклад не толькі для жанчын, а і для мужчын, як трэба служыць радзіме. Стрыманы, спакойны мысліцель выбухае ўзнёслаю пахвалою на чэсць гэтай «удавіцы-патрыёткі» і выводзіць формулу патрыятызму, пачуцця таксама універсальнага, як і справядлівасць, уласцівага ўсяму жывому, а не толькі знатным людзям. Цікава, што Сігізмунд прысвоіў аднаму віленскаму купцу дваранскі тытул за тое, што той «во время нападу неприятеля крови и горла не пожалел», і нават зрабіў яго падскарбіем літоўскім, г. зн. міністрам фінансаў. Так што Скарына не дужа абстрактны ў сваіх поглядах на патрыятызм.

Генеральным паэтычным сімвалам Гусоўскага быў зубр — горды, мужны і вынослівы ратнік. Ён увасабляў ідэалы шляхецкай вайсковай дэмакратыі, сімвалізаваў чалавека, які бачыў сэнс свайго жыцця ў змаганні за бяспеку роднага краю, за яго гістарычны лёс, за добрае імя яго ў свеце. Вайсковае рамяство навучыла яго ідэалізаваць калектыў, падпарадкававаны разумнай волі важака. Важак — носьбіт усіх лепшых рыс калектыву. Лавец Гусоўскага яшчэ не быў крануты пошасцю шляхецкай анархіі, якая ў эпоху барока выльецца ў згубны культ марнавання жыцця.

У Скарыны ключавы вобраз-сімвал — пчала. Яна ўвасабляе не проста рупную працавітасць, а ідэю калектывізму, грамадскасць у шырокім сэнсе слова, пчала — гэта ўзорны грамадзянін. Скарына прагне, каб народ яго стаў рупным і дбайным, свядомым у сваіх дзеяннях пчаліным роем. Пчолы Скарыны ўмеюць не толькі дружна збіраць мёд, яны ўмеюць і дружна джаліць, баронячы вуллі свае. Такім чынам, герой Скарыны — зборны пчаліны рой-калектыў, а індывідуальнасці, якімі б несамавітымі яны ні былі,— толькі члены калектыву, падобныя на члены чалавечага арганізма. Гэта надзвычай важна.

Эпоха барока абыдзецца бязлітасна з сімваламі Гусоўскага і Скарыны. Барокавыя польскія паэты пераселяць пчолку ў любоўныя вершы. Збігнеў Морштын пабудуе верш «Аб пчаліным уджаленні» на мілым свецкім кампліменце: пчала, маўляў, зблытала румяную шчочку красуні з пялёсткамі ружы, таму ўджаліла. Велічная эпапея палявання, як яе маляваў Гусоўскі, пад пяром барокавага паэта Данеля Набароўскага таксама ператворыцца ў пацешную алегорыю любоўных прыгод: Купідон-паляўнічы хібіць у лань, ды падстрэльвае сэрца лоўчага.

Скарына і Гусоўскі маральна дысцыплінаваныя людзі. Першы не рашаецца заглянуць у інтымна-псіхалагічную падаплёку подзвігу Юдзіфі. Яму імпануе ідэальны подзвіг і ўзнятая над чалавечымі слабасцямі падзвіжніца. Можна ўявіць, як бы адхрышчваўся Скарына, калі б прачытаў, скажам, верш Межэйлайціса «Юднфь», дзе яе адносіны да Алаферна — раман з трагічным зыходам:

Но меж нами поселилась сила (и она — любви сильней), и меня с тобою разделила, и тебе промолвила: «Убей»27 .

Напэўна, і Гусоўскі не зразумеў бы ўсёй трагедыйнасці і глыбіні гэтага маналога. I ён прыкрыўся б крысом мантыі свайго мецэната, калі б давялося апісаць прыгоду і подзвіг Юдзіфі. Беларускіл пісьменнікі ў тую пару яшчэ не заглыбляліся ў інтымнае жыццё герояў. Нават у Полыпчы паэтаў абавязвала стрыманасць. У каралеўскім замку ўзнік быў гурток вясёлых «братоў і сясцёр», члены якога, пераважна паэты, дазвалялі сабе непрыстойныя жарты пра духавенства, але Сігізмунд, дачуўшыся пра гэта, тупнуў нагою і забараніў наогул на сваім двары спрачацца пра рэлігію. Каралева Бона дазволіла акцёрам паставіць на замку п'есу «Суд Парыса», але паставіла ўмову, каб усе ролі ў спектаклі выконвалі мужчыны. На ўсход ад Буга панавалі яшчэ больш строгія норавы. Часы Гусоўскага і Скарыны патрабавалі ад пісьменнікаў дыстанцыі ў паказе асабістага жыцця.

Мікола Гусоўскі захоплена апісаў свята Венеры ў зуброў, юрнае рыканне ён назваў музыкай, што мілейшая сэрцу, чым гукі літаўраў і ліры. У карціне палявання аднойчы з’явіўся нават амур на сасне, але гэты жэўжык ледзь не нарабіў бяды каралеўству, бо раз'юшаны зубр паламаў памост, на якім сядзела каралева з дамамі. Матыў з амурам на сасне, мажліва, узяты, з карцін Тыцыяна, каб прыблізіць жывапіс паэмы да рэнесансавых густаў. Паэзія эпохі Адраджэння знаходзілася пад эстэтычным уплывам жывапісу, захаплялася апісаннямі і зрокавымі ўражаннямі, высока цаніла назіральнасць. Наш паэт, відавочна, стараўся згладзіць тыцыянаўскімі штрыхамі лішне жорсткі каларыт усяго твора, дзе суровы лавец выдае толькі адну чалавечую слабасць, ды і то пад уплывам такой небяспекі, калі ўжо застацца рыцарам проста немажліва. Паэт ставіцца да гэтых рэдкіх зрываў велікадушна. Скарына яшчэ больш суровы, ён мараліст непахісны: вышукоўвае ў бібліі строгія правілы, «абы люде чистоту заховали во случении телесном» і верыць у «зача-тие... Исус Христа без семени от непорушное девицы Марии», а пра вершы славутае «Песні песняў» кажа, што яны «трудны суть ко разумению». Скарына паблажліва ставіцца толькі да маладых удоў, падшукоўвае ім апостальскую параду «замуж да идуть».