Абодва нашы гуманісты глядзяць на чалавека выключна як на асобу грамадскую, і тут яны сходзяцца паміж сабою. Глыбіня разумення сутнасці чалавека абумоўлена ў абодвух эпохай, падабенствам і розніцаю ў поглядах і ў прыродзе іх творчага дару. Але важна тое, што Гусоўскі і Скарына пераадольваюць сярэдневяковую традыцыю, якая абвяшчала чалавека паслухмянаю забаўкай у руках бога. Пры ўсіх адрозненнях абодва гуманісты ўхваляюць чалавека як асобу паводле карыснасці грамадству. Іх ідэал — культываваны чалавек, прыдатны для здзяйснення высокай мэты росквіту грамадства і радзімы.
Структура «Песні пра зубра» нагадвае аздобны ланцуг паляўнічых турніраў, упрыгожаны брэлокамі аўтарскіх адступленняў, роздумаў і разваг. Зіхцяць усё новымі гранямі звенні ювелірнага ланцуга, дапаўняецца паляўнічая эпапея новымі дзівоснымі і жахлівымі сцэнамі, узбагачаецца змест скразных метафар, паралеляў і алегорый: страла — пяро, паляванне — творчасць, зубр — рыцар, гурт — грамадства, важак — князь, кароль. І з'яўляюцца новыя: аблава — вайна, лавец — воін, паляўнічы клопат — пакута айчыны. Апошнія вобразы ўваходзяць у самую сарцавіну ідэі, Тэма радзімы гучыць у паэме драматычна: гледзячы здаля на родную старану, паэт уражаны кантрастамі і супярэчлівасцямі яе жыцця. Яе мінулае грыміць славай, будучыня здаецца няпэўнай і трывожнай. Родны край дзівосна багаты і прыгожы: усяго дала яму шчодрая прырода — бары карабельнай сасны і гаі векавечных дубоў, поўныя звярыны, зубрынага рыку, птушынага спеву і пчалінага гуду, палі, на якіх буяе збажына, лугі, усланыя дыванамі траў, рыбныя рэкі і азёры. Апісанне красы і багацця радзімы, зробленае ў стылі Гесіёда, паступова вычэрпваецца, інтанацыя высокага захаплення пераходзіць у недаўменне: поруч з гэтым даступным багаццем і красой жыве ў яго краі нешта таемнае: «Край наш — дзівосны прыстанак загадак і цудаў». Загадкай з'яўляецца само суседства рэальнага і цудоўнага, мройнага, забабоннага, аўтара здзіўляе наяўнасць неспазнаных сіл у глушцовым мясе, у травах і заклінальным слове. Жахлівымі загадкамі ўстаюць перад вачыма паляўнічага сцэны патаплення ведзьмакоў і ведзьмаў, калі «бедны тапельнік» б'ецца ў вірах, а натоўп на беразе «галёкае, свішча, плача і стогне і кленічы шле ў паднябессе». У такія моманты чуеш, «як сэрца з жаху мярцвее». Хто стварыў гэта суседства дабра і зла? Вопыт паляўнічага не можа адказаць на гэта пытанне: ён схільны бачыць тут водгалас адвечнай наканаванасці, неспазнаны цяжар лёсу:
Паэт вярнуўся да паляўнічай эпапеі, нібыта баючыся, што еўрапейскаму чытачу не спадабаюцца яго скаргі на лёс далёкага і малазнаёмага краю. Толькі за новым захадам дазволіў сабе паэт роздум шырэйшы. Ён не хоча, каб яго народ і радзіму недаацэньвалі, таму сцвярджае, што фанатызм гэты зыходзіць ад царквы і афіцыйнай улады, паэту ж асабіста здаецца жахлівым, але гэча чыстая праўда: «У Літве ўсё гэта адбываецца на вачах». Не знайшоўшы адказу на пытанне, чаму так дзеецца, ён адкладвае гаворку.
Інтрыгуючы чытача адцяжкаю, Гусоўскі падрыхтаваў яго да разумення галоўнага цяжару тэмы. Пасля таго як была закончана карціна гераічных часоў Вітаўта і закрыта паляўнічая эпапея, паэт пад занавес рашыў сказаць пра тое, што набалела на сэрцы. Заключнае аўтарскае адступленне пабудавана ў выглядзе пропаведзі і малітвы. Нібыта натхнёны з неба прарок, шыбануў ён маланкі і громы на ўладароў свету: