Выбрать главу
Нашым князям, што ў сваіх міжусобіцах розум Нашай крывёй замуцілі, падай на пахмелле Мысляў і ўчынкаў цвярозасць, вярні раўнавагу Мудрых дзяржаўцаў, напомні пра іх абавязкі, Гэтак злачынна забытыя,— карай напомні! Свет вар'яцее, і ўсе міратворцы на словах — Гэта ваўкі пад ягнячым руном красамоўства. (80)

Талент і эпоха ўсклалі на плечы Гусоўскага цяжкую ношу. Ён першы ў беларускай літаратуры адчуў і выказаў надыход крызісу ў феадальным укладзе жыцця ў сябе на радзіме, крызісу, які даў парасткі новага ладу ў еўрапейскіх краінах. Гусоўскі не мог яшчэ ведаць, што новае можа прыйсці толькі з пакутай.

У сярэдзіне стагоддзя тое, што Гусоўскаму здавалася загадкай, стане адкрытаю драмай. Канфлікт гэтай драмы напоўніць творы публіцыстаў, лёс краю стане трывожнаю тэмай беларускай літаратуры XVII стагоддзя.

Гэта будзе карціна шукання сродкаў абновы грамадства і змагання за абнову. Нашчадкі Скарыны і Гусоўскага трывожна задумаюцца над тым, як аздаравіць жыццё роднага краю, як асвяціць і ўзвысіць свой народ, вярнуць да гістарычнай славы. Сымон Будны і Васіль Цяпінскі запрапануюць як радыкальнейшы сродак — абнавіць веру і царкву, ахапіць сацыніянскім рухам увесь край. Тады ім здавалася — бясконцыя багацці, што сабраліся ў руках знатных марнатраўцаў, будуць добраахвотна павернуты на асвету і культуру. Народ наш, які, па словах публіцыста, «был зацный, славный, острый, довстнпный народ», цяпер падупаў, стаў пагарджаць навукамі і занядбаў родную мову. Гэты ўпадак напаўняе сэрца асветніка болем і рашучасцю змагацца за былую славу народа і радзімы.

Цыпрыян Камуняка ў «Прамове Мялешкі», «Лісце да Абуховіча» літаральна паўторыць заклік Міколы Гусоўскага: вярнуцца з гэтага аблуднага веку назад у век гераічны, адмовіцца ад раскошы, моды і любоўных брэдняў, што завозяць немцы ці ляхі, застацца сабою, захаваць суровую патрыярхальную прастату. Іван Мялешка выступіць як старамодны дзівак, але на справе ён разумны і смелы грамадзянін, праўдалюб, які самому каралю не збаіцца старым звычаем кінуць праўду, як соль у вочы.

Аршанскі кашталян Філон Кміта Чарнабыльскі таксама выкажацца ў сваіх «Отпісах» за прастату адносін, за давер і парадак у дзяржаве. Горка насміхаючыся з сучаснасці, дзе «вольнасці шляхецкія з'елі парадак», стары служака засумуе па былінных гераічных часах.

Дабіўшыся прывілеяў, за якія ішла барацьба ў часы Гусоўскага, шляхецкае «паспольства» не набыло патрэбнай грамадзянскай адказнасці, пачало злоўжываць свабодамі. Былыя паляўнічыя і воіны цяпер сталі буянымі палітыканамі, прыдворнымі спрытнягамі, абжорамі — кім хочаш, толькі не дысцыплінаванымі грамадзянамі. Кміта быў нават гатовы паклікаць на каралеўскі трон Івана Грознага, каб той навёў парадак сярод разбэшчанай знаці. 3 горыччу адказвае Чарнабыльскі сваім праціўнікам, якія захочуць абазваць яго здраднікам, што не пойдзе цар у гэткую дзяржаўную развалюху, з якое ўцёк назад у Францыю Генрых Валуа, нядаўна абраны каралём.

У перыяд прыбліжэння гістарычнай развязкі езуіты будуць прапаноўваць свае паслугі — увесці ўвесь край у рэчышча каталіцкай веры і культуры. Яны аблытаюць сеткай школ усю Беларусь і перавараць у сваім катле ўсё маладое пакаленне беларускай шляхты. Уніяты падтрымаюць езуітаў, выпрасяць толькі нейкую бачнасць нацыянальнай адрознасці ў формах царкоўнай службы. Пісьменнікі-палемісты з праваслаўнага лагера будуць упарта стаяць за старую веру, але без гераічнай традыцыі. Сарказмам і гневам прагучыць гэтая тэма ў трактаце Васіля Суражскага «О вере единой», крыкам адчаю ў «Фрынасе» Мялеція Сматрыцкага і «Дыярыушы» Афанасія Філіповіча. У цэлым гэта будзе малюнак пакутлівай дэградацыі ўсяго феадальнага саслоўя ад магнатаў мяча і крыжа да шляхты і радавога духавенства. Пануючае саслоўе не зможа годна кіраваць грамадствам, але захавае сілу і лютасць, каб падаўляць народную нязгоду. Так і не выпрацуе феадальная Беларусь радыкальнага сродку супраць крызісу. Распылепасць намаганняў так абяесіліць край, што перадавыя людзі будуць спадзявацца толькі на збавенне з-за мяжы. Цёплы вугельчык нацыянальнага духу захавае адна дрымотная патрыярхальная вёска.