На сённяшні дзень перакладчык выбраў у цэлым правільны шлях, ён аддаў твор Гусоўскага шырокаму чытачу, а што дзе-нідзе, можа, пяройдзена мера — не так важна, другая крайнасць была б горшым злом, бо многае ў паэме магло б застацца глухім і мёртвым.
«Песня пра зубра» належыць да тых твораў паэзіі, якія прынята зваць паэмамі жыцця. У кожнага пісьменніка можа быць толькі адзін такі твор, часам ён з'яўляецца адзіным, і, тым не менш, імя аўтара назаўжды прапісваецца ў пантэоне роднай літаратуры. Гусоўскі пісаў паэму свайго жыцця па заказу, пісаў спяшаючыся, пісаў на чужыне і на чужой мове, але ствараў ён яе ўсё маладое жыццё і не на чужыне, а ў родньда краі, разам са сваім народам — вось чаму народ аказаўся на яго голас як сапраўдны адрасат і ўладальнік гэтага твора, звернутага фармальна да пап, каралёў і вяльмож.
ПЕРШЫ ВЫРАЙ
У апошнія гады нашы літаратуразнаўцы нямала пішуць пра польска-беларускія літаратурныя сувязі. Калі пайсці ў думках за даследчыкамі і паглыбіцца ў факты, якімі яны аперыруюць, дык можа здацца, што з нашага боку было тут нават штосьці ад любові без надзеі на ўзаемнасць. Маладзейшая па рангу і веку літаратура заўсёды першая робіць прызнанні сваёй старэйшй сястры — гэта зразумела. Але праходзіць час, і ўлюбёны падлетак вырастае ў паўнацэннага партнёра па творчым супрацоўніцтве.
Пачынальнікі новай беларускай літаратуры зайздросна і захоплена глядзелі на вызваленчую барацьбу польскага народа, які, апынуўшыся ў падобных да нашых гістарычных абставінах, умеў больш дзейсна змагацца за сваё месца ў сусветнай гісторыі і ў XIX стагоддзі здабыў імя народа-паўстанца, ахвярнага барацьбіта «за вольнасць вашу і нашу». Гераічная трагедыйнасць нацыянальнага лёсу ўвасобілася ў польскай літаратуры. Адам Міцкевіч, Эліза Ажэшка, Уладзіслаў Сыракомля, Марыя Канапніцкая — славутыя песняры польскай долі-нядолі — абудзілі ў пачынальнікаў новай беларускай літаратуры пачуцці пабрацімства, роднасці лёсаў і душ. Паэзія Адама Міцкевіча, поўная гордай пакуты за мільёны прыгнечайых, уяўлялася ўзорам грамадзянскай стойкасці перад абліччам гістарычных выпрабаванняў. У польскіх песняроў-будзіцеляў беларускія паэты бачылі адвагу і смеласць быць нацыянальнымі, народнымі, рэвалюцыйнымі. Беларускія перадавыя пісьменнікі таксама тварылі пераважна ў аспекце гераічнага, паэтызавалі свабодалюбства, будзілі ў рахманай душы мужыка-беларуса чалавечую годнасць, патрыятызм і класавую свядомасць. Такой мне ўяўляецца прэлюдыя нашага літаратурнага пабрацімства.
Сёння беларускае літаратуразнаўства распрацоўвае праблему паскоранага развіцця нацыянальнай літаратуры ў XIX—XX стст., і слушна бачыць ва ўзаемасувязях паміж перадавымі кірункамі братніх літаратур тую сілу, якая паскорыла творчы рост нашага маладога, кволага колісь пісьменства. Адсюль і павышаная цікавасць да польска-беларускіх гістарычных і культурных сувязяў.
Зразумела, ідэя паскоранага даспявання мастацтва засталася б неабгрунтаванай прыдумкай, калі б творы класікаў і сучасных беларускіх пісьменнікаў не перакладаліся на мовы іншых народаў, у тым ліку на польскую мову. Цераз пераклады ўваходзіць нацыянальнае пісьменства ў скарбніцу сусветнай літаратуры, даказваючы на справе наяўнасць фарсіраванага росту.
У дарэвалюцыйную пару найвыдатнейшыя беларускія песняры не настойвалі на сусветным рэзанансе сваёй творчасці. Іх першым жаданнем было вырасціць паўнацэнную нацыянальную літаратуру, чулае, справядлівае і гордае сэрца народа. Нават Максім Багдановіч, самы еўрапейскі паэт на дарэвалюцыйным беларускім Парнасе, бачыў сваё прызванне ў тым, каб прышчапляць да радзімых дзічак чаранкі з сусветнага паэтычнага саду, а не раздаваць свету свае шчэпы. Канешне, усведамленне, што нацыянальная самабытнасць, і перш за ўсё яна, адкрывае мастацтву шляхі да агульначалавечай духоўнай сябрыны, у мастакоў было. Жыццё давала тады яшчэ адзіночныя, кволыя пацвярджэнні гэтага — першыя пераклады беларускіх вершаў на іншыя славянскія мовы. Сёння пацвярджэнні ідуць чарадой. Вось адно сярод найноўшых: у Лодзінскім выдавецтве выйшла анталогія беларускай паэзіі на польскай мове «Wiersze białoruskie»28 . Складальнікам, рэдактарам, аўтарам прадмовы, каментарыяў і многіх перакладаў з'яўляецца вядомы беларускім чытачам польскі паэт, добры сябар нашай літаратуры Ян Гушча.
У прадмове складальнік эскізна падаў некаторыя асаблівасці нашай культуры і прасачыў карціны польска-беларускага жыцця-быцця. Аўтар шырока выкарыстоўвае працу дацэнта Варшаўскага універсітэта Юзэфа Галомбэка, які яшчэ ў 30-я гады з акадэмічнай аб'ектыўнасцю гаварыў пра важную ролю беларускай духоўнай культуры ў Вялікім княстве Літоўскім, адзначаючы, што «мовай княжага двара і ўраду была беларуская мова, якая да XVII стагоддзя захавала гэта прывілеяванае становішча...». Тут я мушу спыніць цытату, каб настроіцца на спакойны акадэмічны лад і добразычліва ўдумацца ў яе працяг: «...ва ўпамянутым стагоддзі літоўска-беларускія паны пачалі часцей гаварыць і пісаць па-польску, а беларуская мова засталася і захавалася надалей у простым народзе».