Напісаная з любоўю да беларускага народа і культуры прадмова складальніка прапануе нам позірк на беларускую паэзію вачыма сучаснага польскага літаратара і ацэньвае яе па высокім рахунку. Прадмова цікавая самастойнасцю падыходу і ацэнак, хоць, зразумела, побач з бясспрэчнымі палажэннямі трапляюцца ў ёй моманты дыскусійныя і нават асобныя фактычныя недакладнасці. Так, напрыклад, Купала, а не Колас названы прафесійным настаўнікам, «Наша ніва» — прамой прадаўжальніцай «Нашай долі», а не паралельнай газетай іншага кірунку, месцам выдання зборніка вершаў Янкі Лучыны памылкова названы Мінск замест Пецярбурга і іншыя.
Добра ўсё ж, што Ян Гушча прыгадаў у прадмове працу Юзэфа Галомбэка, Для свайго часу яна была, відаць, не толькі праявай акадэмічнай сумленнасці ў адносінах да літаратуры прыгнечанай нацыянальнай меншасці. Яе, напэўна, можна звязаць з працэсамі радыкалізацыі польскай інтэлігенцыі, якая ў сярэдзіне 30-х гадоў уцягвалася ў антыфашысцкі народна-франтавы рух. Адчуўшы пагрозу з боку фашызму, лепшая частка польскай даваеннай інтэлігенцыі, і асабліва моладзь, знізілася з надкласавых эмпірэй свайго ўяўнага культурнага місіянерства, заўважыла і перажыла як сваю ўласную бяду ўціск працоўных мас Заходняй Беларусі, падала руку дружбы і салідарнасці радыкальным беларускім літаратарам, прайшла з імі поруч цераз агонь барыкад, залы судоў, турэмныя казематы, калючыя драты Картуз-Бярозы — на заваёву роўнай долі, роўнага шчасця. Літаратуру Заходняй Беларусі дастойна прадстаўляў у 1935 годзе на агульнапольскім Кангрэсе абароны культуры ў Львове віленскі адвакат, важак студэнцкай «лявіцы» Генрык Дэмбіньскі. Радыкальныя газеты «Poprostu» і «Sygnały» ўступалі свае старонкі заходнебеларускай паэзіі, народнай песні.
Тады ж у гадавіку навуковых прац аб'яднання асістэнтаў Варшаўскага універсітэта імя Юзэфа Пілсудскага з'явілася праца Марыі Рудзінскай-Фраэліховай «Думкі пра беларускую літаратуру», дзе была дадзена даволі трапная ацэнка ідэйна-эстэтычных тэндэнцый і кірункаў у літаратуры Заходняй Беларусі. Гаворачы пра літаратурны рух у Заходняй Беларусі, даследчыца адзначае: «...ён не з'яўляецца, можа, такі буйны, як у Савецкай Беларусі. Аднак ён і надалей з'яўляецца люстрам народнага жыцця і ўтварае як бы працяг нашаніўскай эпохі. Зусім выразныя ў ім два кірункі: адзін баявы, рэвалюцыйны, прадстаўлены маладымі пісьменнікамі на чале з Салагубам, другі выключна эстэтычны... яго прадстаўніцай з'яўляецца Н. Арсеньева.
Узаемасувязі літаратуры Заходняй Беларусі моцныя. Уплыў пралетарскай літаратуры шырыцца ў Заходняй Беларусі, дзе нацыянальны характар з'яўляецца крыніцай моцы і цікавасці для паэтаў з Усходу»30 .
Асабліва шмат рабіла ў справе перакладаў люблінская літаоатурная газета «Камэна» і яе рэдактар Б. Жыранік.
Увогуле, перакладзена было няшмат, а гаворка ў друку, як правіла, абмяжоўвалася дарэвалюцыйным пісьменствам ды літаратурай Заходняй Беларусі. Напрыклад, Янка Купала, які ў тую пару актыўна перакладаў польскіх паэтаў ад Адама Міцкевіча да Уладзіслава Бранеўскага і жыва цікавіўся літаратурным жыццём Польшчы, не мог разлічваць на такую ж узаемнасць. Палітыка санацыі не раз накідвала кайданкі на працягнутыя для братняга поціску рукі. Але рукам дружбы суджана было дацягнуцца і адчуць шчырае цяпло. Першы пралом, які зрабіла ў сцяне адчужанасці народна-франтавая інтэлігенцыя, стаў плацдармам у гады вайны і пасля яе заканчэння. Працягам той добрай традыцыі мне ўяўляюцца пераклады дзесяткаў беларускіх пісьменнікаў у Народнай Польшчы.
Паводле бібліяграфічнага даведніка Н. Ватацы, да 1968 года польскія выдавецтвы выпусцілі асобнымі кніжкамі творы 16 беларускіх пісьменнікаў. У іх ліку былі два паэты — Янка Купала і Максім Танк. Найбольш плённым годам беларускай кнігі ў Народнай Польшчы аказаўся 1951 год, калі выйшла ажно сем назваў. Затым наступіў пэўны спад, за 1959—1961 гг. не з'явілася ніводнай кнігі беларускага аўтара. Новае ўзрастанне цікавасці палякаў да беларускай кнігі назіраецца ў другой палове 60-х гадоў: 1968 год прынёс ужо тры перакладзеныя кнігі. Прычыны гэтай зменлівасці пагоды розныя, адна з іх – тое, што сярод перакладаў багатага 1951 года аказаліся творы, якія ў нас на радзіме не вытрымалі пробы часам ды залічаюцца сучаснай крытыкай у раздзел «бесканфліктных». Заніжаная патрабавальнасць да мастацкіх якасцей арыгінала пайшла на шкоду агульнай справе творчых узаемасувязяў паміж літаратурамі. Прыемна адзначыць, што за апошняе дзесяцігоддзе беларуская літаратура пераадолела той незнарок узнесены бар'ер і без ільготных тарыфаў прымаецца польскімі выдаўцамі, перакладчыкамі і чытачамі. Анталогія паэзіі — важнае пацвярджэнне сказанага.