Выбрать главу

Праўда, у Рыгора Барадуліна класічны ямб ці харэй часта адыгрываюць ролю гука-рытмічнага арганізатара выслоўя, і ў гэтым выпадку парушэнне рытміч-нага ключа адразу адчуваецца як расслабленасць унутранай энергіі выказвання. Параўнаўшы першы ключавы радок верша «Ты — мой трывожны ўспамін» і «Ту mojе trwożne wspomnienie», адразу адчуваеш неадпаведнасць не толькі рытмікі радка, а і рытмікі мовы, стану і настрою. Далейшы пераклад страфы падцвярджае хібу. У Барадуліна:

Шчыміш і не даеш спакою, Нібыта ўдар тугіх галін, Адпушчаных чужой рукою.

У Яна Гушчы:

Zamiast spokoju, czas udręki, Jak gałęźmi uderzanie, Puszczanych z nagła z czyjejś ręki.

Цьмяна бачыцца апісанае перакладчыкам дзеянне. Гэта «gałęźmi uderzanie» адчуваецца як мяккі выпадковы ўдар, бо галіны не тугія, як у Барадуліна, і адпусціла іх не чужая, а чыясь рука, цьмянасць выразу псуе і памылка ў склоне (патрэбна «puszczanymi», а не «puszczanych», а калі «puszczanych», то «gałęzi»). Увогуле выраз «puszczanych z nagła z czyjejś ręki» не вызначаецца фанетычнай яркасцю дзеля гэтых паўтораных побач прыназоўнікаў «z». Хібіў і пераклад канцоўкі, пабудаванай у Барадуліна на ўсячэнні рытмараду. I ўсё ж неадпаведнасці гэтыя не надта кідаюцца ў вочы, бо думка, пакладзеная ў аснову верша, зразумета перакладчыкам і выказана ў цэлым правільна.

Ян Гушча адчувае прыроду структуры так званага раскаванага верша і часта свабодна пераказвае яго. Напрыклад, у вершы «Дзверы» ён пераносіць думку трэцяга радка «Панура прапусцяць цябе як канвойныя» у пяты радок, а выраз «Ні слёзы, ні смех не прапусцяць яны...» перакладае: «Не чуюць яны ні слёз, ні смеху», і ад гэтага задума верша не парушаецца. Пераклад у цэлым успрымаецца як раўназначны з арыгіналам.

Пераствараючы «Сады», Ян Гушча пайшоў па той жа лініі акцэнтацыі агульначалавечага пачатку, што і Уладзімеж Сэгаль у Танкавым вершы «Дзе яны?», але, на маю думку, апраўдаў гэты падыход: верш стаў даступным масаваму польскаму чытачу, ад якога нельга патрабаваць ведання і рэагавання на спецыфічна нашыя хібы жыцця, якія пераадольваліся пасля XX з'езда КПСС. Дзеянне ў радку «Сякера секла, грыз іх заяц...» перанесена ў цяперашні час «siekiera tnie, podgryza zając...», і гэта заканамерна і апраўдана. На карысць пайшло і ўзмацненне перакладчыкам энергіі выслоўя цераз гэтае тугое кароткае «tnie». У перакладзе ўзмацніўся філасафічны роздум пра суадносіны чалавека з прыродай, верш ачысціўся ад публіцыстычнага, хоць і важнага, але прамінаючага элемента.

Цікавы рытміка-гукавы эксперымент перакладчыка можна назіраць у вершы «Заспаная раніца мжыстая». У Барадуліна ён напісаны трохстопным амфібрахіем, які надае вершу лішнюю аднастайнасць, цягучасць. Выручаюць бадай-што арыгінальныя кансанансавыя рыфмы. Перакладчык прапануе свабодны верш, але ўдакладняе рыфмоўку, дабіваючыся адначасна гутарковай свабоды і напеўнасці. Некалькі трапных знаходак лексіка-вобразнага парадку замацоўваюць удачу. Так, напрыклад, радкі арыгінала:

Лісцёваю дыхае брагаю, Пакутуе восень застудай.

мне здаюцца няўдалымі, нават неэстэтычнымі (дыхаць брагаю, пакутуючы застудай,— гэта не для восені: усё ж такі кабета, хоць і старая) — у перакладзе яны набылі новы сэнс і паэтычную яскравасць:

Brahą liści oddychać wciąż trudniej, Jesieni przeziębionej.

Тут прастуджаная восень выклікае спагаду, бо ёй усё цяжэй дыхаць брагаю лісця. Радок «Цвітуць успаміны верасам» таксама стаў у перакладзе болып выразным: «Przekwitają wrzosami wspomnienia», а канцоўка давяршыла ўдачу перакладчыка. Замест дзяжурнага:

I моцна жадаецца-верыцца, Што ўсё да поўдня праясніцца.

— перакладчык сказаў з філасофскім падтэкстам:

Што да палудня сілай жадання Усё гэта праясніцца.

Атрымаўся верш той і не той. Мацнейшы.

Мне думаецца, што перакладчыцкая праца Яна Гушчы заслугоўвае стараннага лінгвістычнага вывучэння. Аналіз моўна-вобразных эквівалентаў дасць нам вельмі многа для разумення моцных і слабых бакоў многіх вершаў і, мажліва, прымусіць перагледзець некаторыя нашы ўсталяваныя ацэнкі. У польскага перакладчыка маецца высокая эстэтычная культура, тонкае адчуванне спецыфікі паэзіі як мастацтва слова. Павучальны нават яго хібы, бо яны абумоўлены калі не таропкасцю, то пошукамі паэтычнай солі ў прэсным ці вадзяністым радку. Але найбольш увагі заслугоўваюць знаходкі перакладчыка.