Выбрать главу

Позірк польскага ўкладальніка на нашу паэзію, як кожны позірк збоку, дапамагае нам бачыць паэзію вынятай з той аправы, якою з'яўляецца шматгадовае напластаванне нашых дамашніх традыцый успрымання. Традыцыя ўспрымання ўносіць у тэкст верша дадатковыя змястоўнасці, дадатковыя камунікацыйныя і ідэйна-эстэтычныя вартасці. Верш, асвечаны традыцыяй, нават самы смелы крытык не паважыцца разглядаць без уліку той вартасці, якую надала тэксту традыцыя, асабліва калі гэта традыцыя стала стылем ці модай. Укладальнік і перакладчыкі менш звязаны нашай беларускаю традыцыяй успрымання паэзіі, яе ацэньвання. таму іх погляды ў большай меры могуць лічыцца чыста прафесійнымі, літаратурна-эстэтычнымі. Праўда, і яны, перастваральнікі, знаходзяцца пад уздзеяннем сваёй радзімай нацыянальнай традыцыі, адрознай ад нашай. Усё гэта падказвае натуральную патрэбу актыўных, крытычных адносін да зробленага Янам Гушчам і яго калегамі, патрэбу, з якой у значнай меры паўсталі і гэтыя радкі.

У сваіх нататках я вымушаны быў больш спыніцца на недахопах, разглядаючы «Анталогію» як першую ластаўку, якой патрэбна ў меру сіл падкарэкціраваць дарогу ў гняздо вялікай літаратуры.

Акрамя Яна Гушчы заслугоўвае ўвагі і работа пладавітага перакладчыка Леапольда Левіна. Ён спецыялізуецца на перакладах інтэлектуальна заглыбленай лірыкі, а яна з'яўляецца сёння аб'ектам асаблівай увагі і паэтаў, і крытыкі, і ўсіх аматараў паэзіі ў Беларусі.

Будзем спадзявацца, што спецыялісты ў галіне літаратурнай мовы і перакладу скажуць свае слова пра «Wiersze białoruskie», а такое слова можа быць дзейснай падмогай нашым паэтам.

Паэзія наша займела ў Польшчы некалькі шчырых сяброў, сапраўдных энтузіястаў, якія хочуць данесці яе скарбы да літаратурнай грамадскасці сумарна і выбарачна. За гэту добрую ініцыятыву трэба выказаць ім удзячнасць і прызнанне. Далейшы поспех паэтычнай дружбы будзе залежаць, мабыць, не ад адзінак, а ад шырокіх колаў нашых і польскіх паэтаў, ад інтэнсіўнасці літаратурных зносін увогуле.

Зацясненне творчых сувязяў з польскай паэзіяй — цалкам рэальная перспектыва. Яе, бясспрэчна, трэба рэалізоўваць на аснове ўзаемнасці.

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусціла ў свет зборнік паэтаў Лодзі на беларускай мове. Гэта добра як першы крок на шляху да больш шырокага зацікаўлення сучаснаю польскаю паэзіяй нашага чытача.

СТАРОНКІ РАМАНТЫЗМУ

Стары незнаёмы

Слова рамантызм набыло за амаль дзве сотні гадоў ужывання такую шматзначнасць, што ўжо сам гэты факт наводзіць на роздум пра няяснасць паняцця. Рамантызм нібыта знарок дэманструе суб'ектыўнасць, уласцівую гуманітарным ведам, персанальнасць эстэтычных ацэнак жыцця і мастацтва.

У самым шырокім сэнсе рамантызмам называюць нязвычны тып адносін чалавека да рэчаіснасці, ён часта выступае як безразважнае, але высакароднае рэагаванне асобы ці калектыву на перашкоды жыцця, на затрымісі жыццёвага працэсу. Рамантычным назаве гамонка і подзвіг касманаўта, і адчайны замах тэрарыста, і стыхійны выбух паўстання, без шансаў на перамогу. Не меншы разнабой і ў сферы таго, што называюць рамантычным светаразуменнем: тут шмат месца займаюць высакародныя ілюзіі, утапічныя канцэпцыі свету і яго развіцця. Эстэтычнае сцверджанне рамантычнага спосабу дзеяння, рамантычнага стылю і смаку жыцця, рамантычнага светаўяўлення — задача рамантычнага тыпу мастацтва. У рамантычныя эпохі гісторыі гэты тып мастацтва разрастаецца, утварае свае кірункі, стылі і формы, нават можа заняць вядучае месца ў мастацкай творчасці, стаць узорам мастацтва наогул.

Рамантычнае адчуванне, мысленне, дзеянне і творчасць нясе ў сабе эмацыянальны выбух, парыў да новага, апантанасць будучыняй, інтуіцыйнае імкненне да яе, бурнае адмяжоўванне ад старога, дэманстрацыю абрыдласці яго. Рэвалюцыя як універсальны спосаб абнаўлення жыцця ў класавых грамадствах сугучна рамантызму. Не выпадкова рэвалюцыйныя дзеячы ня-суць у сабе ярка выражаныя рысы рамантычных герояў, гэта значыць, людзей, свабодалюбства і гуманістычныя парыванні якіх уздымаюцца над практычнаю разважлівасцю, над небяспекай і страхам смерці. I што цікава, у такіх бурных і складаных з'явах жыцця, як рэвалюцыя, сапраўды нярэдка не цвярозы разлік, а суб'ектыўныя фактары — мужнасць важакоў і апан-танасць мас, гатоўнасць на смяротныя ахвяры, безразважная рашучасць дзеянняў — прыносяць перамогу над дужэйшым ворагам, якому бракуе баявога запалу, веры ў сябе, высакароднай безразважнасці — тых якасцей, якія вялікі мастак рэвалюцыі выказаў словамі: «Безумство храбрых — вот мудрость жизни!».