Выбрать главу

Слушна заўважае Д. Ліхачоў, што, ацэньваючы якасці мастацкага адлюстравання, нельга абмяжоўваць сябе пытаннем: правільна ці няправільна?—і задавальняцца адной толькі адпаведнасцю, дакладнасцю, правільнасцю. Унутраны свет мастацкага твора — вынік і дакладнага адлюстравання, і актыўнага пераўтварэння рэчаіснасці35. Праблема рамантызму ў літаратуры неаддзяліма ад рамантызму ў жыцці. Так, між іншым, і абмяркоўваецца яна ў сучасным польскім друку. На старонках літаратурнай і палітычнай прэсы там вядзецца гаворка пра рамантызм XIX стагоддзя,  яго суадносіны з пазітывізмам і нацыянальнай каштоўнасцю рамантычнай спадчыны.

Цікавую спробу пошукаў збліжэння марксізма і рамантычнага мастацтва на шляхах вызваленчага руху ўяўляе кніга Марыі Яніон «Рамантызм, рэвалюцыя, марксізм», якая атрымала літаратурную прэмію ў Польшчы ў 1972 годзе.

М. Плівінска ў кнізе «Рамантычная легенда» аналізуе супярэчлівасці паміж праграмай рамантызму і яго сутнасцю або рамантычнаю легендай. Асновай гэтай легенды яна лічыць «тэрор ідэалу», які змяніўся ў тэрор польскай нацыянальнай формы, польскага патрыятызму, узведзенага ў абсалют, узнятага да рангу найвышэйшай каштоўнасці. А праграмны парадокс даследчыца бачыць у тым, што рамантызм нёс бунт «супраць усякага тэрору». Публіцыст са штотыднёвіка «Polityka» А. Шчыпёрскі заявіў, што ў Польшчы не было ніводнай левай, радыкальнай грамадскай сілы, якая б не была духоўна звязана з рамантызмам36. Марыя Яніон бачыць эстэтычную каштоўнасць польскага рамантызму ў тым, што ён вывеў польскую літаратуру на сусветны форум, дапамагаючы палякам «свабодна прыняць сучасную еўрапейскую культуру, адчуць сябе прыпісанымі ў ёй»37. Разам з тым у літаратуразнаўстве ўжо набыла значэнне рабочага прынцыпу думка аб істотнай розніцы паміж заходнееўрапейскім і славянскім рамантызмам. Рамантызм болыпасці славянскіх літаратур развіваўся ў рэчышчы сацыяльных і нацыянальна-вызваленчых рухаў XIX стагоддзя, пераплятаючыся з рамантызмам сацыяльным і палітычным. Рамантычнымі тут сталі народны паэт-будзіцель і народны важак, вяшчун свабоды і бясстрашны змагар за яе, такія Густаў, Конрад, Вайдэлота, Гражына, Валенрод у А. Міцкевіча, Ангелі у Ю. Славацкага. У польскім рамантызме пачатку XIX стагоддзя ўзвышаюцца народныя нізы як ахоўнікг маральных і нацыянальных каштоўнасцей, пакінутых касмапалітыч-наю арыстакратыяй. Народна-патрыятычную місію нёс і польскі неарамантызм XX стагоддзя. Яго прадстаўнікі развілі нават культ мужыка, жаніліся на простых сялянках, ухвалялі духоўны шлюб патрыятычнай інтэлігенцыі з народам як вялікую ідэю. Вызваленчая і дэмакратычная традыцыя польскага рамантызму стала станоўчым прыкладам для маладой беларускай літаратуры XIX — пачатку XX стагоддзя, а пазней для літаратуры Заходняй Беларусі.

Аддаючы належнае тыпалогіі рамантызму, трэба пазбягаць абсалютызацыі і фармалізацыі ў гэтай справе. Тыпалагічнае не можа быць вызвалена ад гісторыі, бо ў такім выпадку яно ператворыцца ў падборку правіл, якія нічога не дадуць. Гэтую дыялектыку выявіў А. I. Аўчарэнка. Сабраўшы па мажлівасці ўсе тыпалагічныя прыкметы рамантызму (ад Бялінскага да часопіса «Вопросы лнтературы» за 1967 год), даследчык сцвердзіў толькі складанасць з'явы і не аб'явіў сумы гэтых рыс за дэфініцыю рамантызму ці за творчую рэкамендацыю пісьменніку38. Сапраўды, калі б хто-небудзь паспрабаваў напісаць твор, захоўваючы ўсе тыпалагічныя рысы, вылучаныя літаратуразнаўцамі, дык атрымаўся б нейкі парадыйны выпладак.

У выпадках, калі тыпалагізацыя рамантызму праводзіцца без належнага ўліку месца і часу, атрымліваюцца спрэчныя азначэнні. Вось, напрыклад: «Ідэйна-мастацкая задача рамантыка часцей за ўсё носіць эстэтычны (Брусаў), маральны (ранні Горкі), філасофскі (Блок, Цютчаў), радзей палітычны характар («Паломніцтва Чайльд-Гарольда» Байрана). Мастацкая задача рэаліста характарызуецца пераважна палітычнай накіраванасцю, хоць маральна-філасофскі аспект адлюстравання жыцця яму зусім не супрацьпаказаны (Л. Талстой)»39. Адразу напрошваецца пытанне, а як жа быць з польскім рамантызмам, у якім дамініравалі патрыятычныя ідэі? Барацьба за скасаванне раздзелаў Польшчы — палітычная ідэя, стала стрыжнем польскай рамантычнай літаратуры. Аказваецца, у пэўных гістарычных умовах рамантызму не толькі не супрацьпаказана палітычная накіраванасць, а наадварот. Саюз з палітыкай становіцца ўмовай і асновай рамантычнага мастацтва.