Выбрать главу

Іван Чыгрынаў

Звон — не малітва

Драма ў дзвюх дзеях

Дзеючыя асобы

Рагнеда.

Уладзімір Святаславіч — вялікі князь кіеўскі.

Ізяслаў — князь полацкі.

Апанасій — праваслаўны прэсвітэр.

Xолад — язычніцкі вядун.

Лоўчы.

Былая Ізяславава нянька.

Злотнік.

Служанка Рагнеды.

Анея — дачка злотніка.

Паляўнічы ля вогнішча.

Гарабой — таксама з лоўчых.

Дружыннік — ганец вялікага князя.

Чалавек у армяку з башлыком.

Фар — выхавацель велікакняскіх дзяцей.

Усевалад, Мсціслаў — княжычы, браты Ізяслава.

Першая княжна.

Другая княжна.

Дзяўчаты і хлопцы, паляўнічыя, смерды, жабракі, людзі ў армяках з башлыкамі.

Дзея першая

Драўляны замак княгіні Рагнеды на беразе Свіслачы ў Ізяславе. У светлым пакоі княгіня Рагнеда і прэсвітэр Апанасій.

Апанасій. Матухна княгіня, яшчэ раз кажу: час адумацца вам. Сапраўдны Бог наш гаворыць мне: я навяду на паганых увесь стэп гэты, значыць, людзей са стэпу, жорсткіх і крыважэрных, якія блукаюць па зямлі толькі дзеля разбою. I яны павыкідваюць косці бацькоў вашых з магіл, параскідваюць па лугах і нівах пад сонцам, месяцам і зоркамі, якім вы пакланяецеся. Скіньце вашых жорсткіх багоў у Свіслач — і драўлянага Перуна з сярэбранай галавой і залатымі вусамі, таксама Дажбога і Стрыбога, як Сімаргла і Мокаш, з усімі разам.

Рагнеда. Пачакай, прэсвітэр. Вось ты пагражаеш нам сваім Богам. Значыць, і твой Бог жорсткі? Дык навошта мяняць нам сваіх, няхай, як ты гаворыш, і жорсткіх, на такога ж, а можа, і больш яшчэ жорсткага?

Апанасій. Княгіня, старое прайшло. Цяпер настае новае. А ты трымаешся за ранейшае. Нават імя Гарыслава, якое даў табе князь Уладзімір, адкінула. Захацела зноў звацца Рагнедай.

Рагнеда. Майму мужу, вялікаму князю, даўно хацелася вытравіць з маёй памяці ўсё роднае, забыць бацьку і маці, якіх ён забіў, малых братоў, якія таксама былі зарэзаны варагамі. Дзеля гэтага ён звацца прымусіў мяне іначай. Але цяпер я зноў на сваёй зямлі. I тут мая воля!

Апанасій. Матухна княгіня, не так твая воля, як сынава. Ізяславу належыць і гэты град, і ўсё, што навокал яго. А ў Полацку — пасаднік вялікага князя.

Рагнеда. Але сын не выгане маці.

Апанасій. Я таксама гатовы маліцца за чысціню яго душы і праведнасць думак.

Рагнеда. Думаеш, нашы багі назусім адступіліся ад яго?

Апанасій. Хто ведае, княгіня, але муж твой у Корсуне, калі прымаў новую веру, перад усім тамашнім народам сказаў: «Толькі цяпер пазнаў я сапраўднага Бога!»

Рагнеда. Не веру я Уладзіміру. Крывадушны ён быў, крывадушны і цяпер. Сын рабыні. А новую веру ўзяў, бо грэчаскія цары не аддавалі без гэтага за яго сястру сваю Ганну. Таму я ў цябе, праваслаўны прэсвітэр, пытаюся: навошта яму, распусніку, яшчэ адна жонка? Толькі дзеля таго, каб парадніцца з вялікімі царамі? У яго ж гэтых жонак без мяне яшчэ чатыры — грачанка, якую забраў у забітага ім жа брата, балгарыня, чахіня і яшчэ адна… Я ўжо не ведаю нават, з якой зямлі яна…

Апанасій. Так, муж твой, княгіня, быў дасюль ва ўладзе пажадлівасці. I новая вера ўратуе вялікага князя ад гэтага. У новай веры яму належыць мець адну жонку.

Рагнеда. Нішто яго не прымусіць адмовіцца ад пажадлівасці. Я добра ведаю яго, таксама як ведаю і тое, колькі ў яго наложніц, а то і звычайных палюбоўніц усяго на адну ноч: у Вышгорадзе — трыста, у Белгорадзе — трыста, у Бярэсце — дзвесце… Не, прэсвітэр, чорт у яго паміж рэбраў заўсёды будзе варушыцца, бунтаваць дурную кроў.

Апанасій. Я ж кажу, па нашай веры нават вялікаму князю можна мець усяго адну жонку. Так што…

Рагнеда. Ці не хочаш ты сказаць, што Уладзімір распусціць свае гарэмы, стане жыць з адной Ганнай? А грачанку сваю, чахіню, балгарыню ды ўсіх іншых развязе ў такія вось удзелы, як мой?

Апанасій. Твайго сына, княгіня.

Рагнеда. Няма чаго лішні раз напамінаць мне аб гэтым! I няма чаго настройваць сына супроць маці! Я ведаю, якія размовы ты вядзеш з ім!

Апанасій. Я выконваю волю яго бацькі, вялікага князя кіеўскага, і майго Бога, Ісуса Хрыста.

Рагнеда. А цяпер, прэсвітэр, слухай маю волю: куміраў мы сваіх бурыць пакуль не збіраемся тут! Скажы вялікаму князю, што мы яшчэ пажывём са старымі багамі. Так што, прэсвітэр, і табе далей знаходзіцца ў Ізяславе не варта.