Фар. Прывяду, прывяду.
Ізяслаў і Фар ідуць па сцэне.
Iзяслаў. Ты, Фар, не даведаўся, дзеля чаго выклікаў мяне вялікі князь?
Фар. То яму аднаму ведама. Хадзем.
Ізяслаў. А што з Перуном было?
Фар (махае рукой). Ат, з ім зрабілі тое самае, што і з іншымі старымі багамі. А вось тут, па берагах гэтага Ручая, ішлі кіяўляне на Дняпро прымаць новую веру.
Ізяслаў. А што на гэта гаварылі язычніцкія святары?
Фар. Княжыч, запомні — тут паўсюды воля вялікага князя, яго ўлада над усім і над усімі. Прыехаўшы з Корсуня, ён адразу ж загадаў прывязаць Перуна да конскага хваста, і той валачыў яго з гары па Барычову ўзвозу да Ручая, а дваццаць дружыннікаў беглі следам, дубасілі старога бога жэзламі.
Ізяслаў. А што ж кіяўляне? Што яны?
Фар. Няверныя, канечне, плакалі, гледзячы на ганьбаванне, нават з плачам суправаджалі свайго бога да самага Дняпра. Але вялікі князь загадаў і далей адпіхваць Перуна. Сказаў: «Калі прыстане дзе да берага, адпіхвайце яго. А калі пройдзе парогі, тады толькі пакіньце яго». Няверным жа тым часам загадаў сказаць: «Калі не прыйдзе хто заўтра да ракі — ці то багаты, ці то бедны, жабрак ці раб — будзе мне вораг!» На другі дзень узышоў вялікі князь з папамі царыцынамі і корсунскімі на бераг Дняпра, куды збіраліся натоўпам кіяўляне, пагнаў людзей у ваду, і там яны стаялі ў ёй па грудзі, а папы хрысцілі іх малітвамі, стоячы на беразе.
Ізяслаў. Няўжо, Фар, увесь Кіеў дабрахотам з’явіўся на хрышчэнне?
Фар. Сам жа чуеш, княжыч, вялікі князь пагражаў. Але многія з горада паўцякалі. Гэта дакладна вядома. Так што на нашай зямлі цяпер адным часам і паганскія багі, і новы, Ісус Хрыстос. I доўга яны будуць змагацца за душы людзей. Міне многа-многа часу, а на зямлі ў нас будуць прыхільнікі старой і новай веры. Але вялікі князь, пакуль жывы, не адступіцца, будзе гнаць з зямлі старую веру.
У замку, куды неўзабаве прывёў Фар княжыча Ізяслава, сустрэў іх вялікі князь Уладзімір Святаславіч. Суровы і не зусім ветлівы, Уладзімір доўга глядзеў на сына. Хто ведае, можа, здалося раптам бацьку, як стаў гэты сын яго ў абарону маці, княгіні Гарыславы. (Сцэна: няйначай, усё-ткі «ўбачыў» ён тую раніцу, прыйшла яна цяпер да яго, як насланнё.) Нарэшце вусны вялікага князя разышліся ва ўсмешцы, ён заплюскаў вачамі, яўна адганяючы ад сябе насланнё.
Уладзімір. Ты, Фар, можаш ісці. Пакінь нас адных. (Ступае да сына.) Як даехаў, сын?
Iзяслаў. Дзякаваць багам.
Уладзімір (зноў хмурачы лоб). У нас тут, у Кіеве, цяпер адзін Бог.
Ізяслаў. Так.
Уладзімір. Але пра багоў пасля. Ну-тка, выцягвай з ножнаў свой меч. (Крычыць.) Гэй, хто там, прынясіце мой меч! (Да княжыча.) А то вырас ты, бачу, з вежу, а вось якая рука ў цябе.
Вялікаму князю падносяць меч.
Трымайся! I не зважай, што перад табой вялікі князь, а твой бацька. Успомні, як кідаўся некалі абараняць маці!
Iзяслаў. Бо малы быў…
Уладзімір. Такога саромецца не варта. Іншая справа, што ў бацькі дараваць прасіць усё роўна калі, а давядзецца, аднак саромецца таго ўчынку не трэба. Ну, пачалі.
Вялікі князь і княжыч пачынаюць змагацца на мячах. Уладзімір адчувае, што сын добра валодае зброяй, крычыць: «Хвалю, Ізяслаў, хвалю!» — і спрытным ударам выбівае з рукі яго меч. Ізяслаў колькі часу стаіць збянтэжаны. Уладзімір аддае дружынніку свой меч, падыходзіць да сына, ляпае па плячы.
Значыць, недарэмна траціў час. Адчуваецца дзедава рука, ды і бацькава таксама.
Iзяслаў. Якога дзеда?
Уладзімір (амаль злосна). Не так важна! Я вось дзеля чаго цябе паклікаў у Кіеў, Ізяслаў. Хачу пасадзіць нарэшце сваіх большых сыноў на сталы ў гарадах. Вышаславу даю Ноўгарад. Святаполку — Тураў, Яраславу — Растоў. Табе, Ізяслаў,— Полацк, вотчыну твайго дзеда Рагвалода.
Ізяслаў. А што атрымаюць мае аднаўтробныя браты — Усевалад, Мсціслаў?
Уладзімір. Гэта мой клопат. Ты пра іх не турбуйся. У іх таксама ёсць бацька. Але яны яшчэ не ў гадах. Пасля атрымаюць сваё, дарма што гарадоў у маёй зямлі пакуль не хапае. (Смяецца.) Сыноў у вялікага князя кіеўскага больш, чым гарадоў. Трэба пачынаць ставіць іх паўсюды — і на Дзясне, і на Трубежы, і на Суле. Мсціславу, як падрасце, думаю аддаць Цьмутаракань, а Усеваладу — Уладзімір. Як жа твой горад выглядае цяпер?