«Дазвольце мне, рыцары, ўгору падняцца,
Хачу развітацца я з родным палацам.
Хачу, бы ў люстэрка, у Рэйн пазірнуць
Мяне ж, маладую, навекі замкнуць!»
Пад ветрам каса над скалою бялее,
А рыцары ў страху крычаць: «Ларэлея!»
«На Рэйне мой мілы плыве на чаўне,
Ён там зачакаўся,
ён кліча мяне.
Як лёгка на сэрцы! Каханы — са мной».
I — ўніз галавой са скалы навясной.
Змагла яшчэ змеціць у плыні ракі
I сонца касы, і вачэй васількі.
1909
Дама насіла сукенку
З турэцкім узорам;
Туніка, вышытая золатам,
Была ў гармоніі
З квяцістым шалем,
Закінутым за плячо.
Вочы яе гарэлі, быццам у херувіма,
Калі яна рагатала. Ах, як яна рагатала!
На твары яе паўтараліся колеры Францыі:
Вочы блакітныя, белыя зубы
I ярка-чырвоныя губы.
На твары яе паўтараліся колеры Францыі.
Па шыі паўкругам ішло дэкальтэ,
à lа Rècamier[1], нібы вежа, прычоска,
А зграбныя поўныя рукі
аголены да плячэй.
Калі ж гэта поўнач празвоняць куранты?
Гэта дама ў сукенцы з турэцкім узорам,
З круглым дэкальтэ,
I ў туніцы, вышытай золатам,
Насіла карону локанаў
З абручыкам колеру золата.
На ножках маленькіх — туфелькі
З бліскучаю спражкай.
Такая багіня, што нават
I страшна было б закахацца!
Любіў я жанчын суровых у завадскіх кварталах,
Штодня там на свет прыбываюць істоты,
Якіх яшчэ свет не бачыў:
Становіцца сталь іх плоццю, полымя — іх мазгамі.
О так, любіў я спрытнае іх племя,
Людзей-машын. Іх шык — пустая пена.
А дамы гэтай прыгажосць
У сэрцы выклікала толькі боязь!
У ТУРМЕ САНТЭ
I
У камеру вядуць мяпе,
Распранутага дагала.
Злавесны голас, нібы ў сне,
Сіпіць:
— Гіём, бяда прыйшла!
I я, разлучаны з зарой,
У магіле цёмнай і сырой.
Бывай, сяброўскі карагод,
Бывай, каханне юных год!
II
Не, я цяпер не той зусім,
Гэй, асцярожна!
Я тут пад нумарам сваім —
Астрожнік.
Пракралася ж і сонца ўдзень
Праз краты звонку,
I скача зайчыкам прамень
Мне на старонку.
Яму, гарэзу, і няўцям
З яго праменнем,
Што некаму тужліва там
У сутарэнні.
III
У нейкай яме, як мядзведзь,
Я пасля ночы крочу-крочу.
Я сёння дыхаю ледзь-ледзь.
Ланцуг на небе. Дзень сірочы.
У нейкай яме, як мядзведзь,
Я пасля ночы крочу-крочу.
А побач з камерай маёй
Крыніца зазвініць раптоўна:
Наглядчык пройдзе і парой
Ключамі бразгане жартоўна.
I побач з камерай маёй
Крыніца зазвініць раптоўна.
IV
Як горка смуткую я ў сценах глухіх —
Між колераў бледных тых, шэрых!
Асенняя муха — чытачка маіх
Няроўных радкоў на паперы.
Чаму ты мне, бог, даў пакутлівы лёс,
Дзе рай твой зямны абяцаны?
Дзе літасць твая да прытоеных слёз,
Да лаўкі маёй акаванай?
О, колькі тут сэрцаў смуткуе, павер,
Я кожнае з іх прыкмячаю.
Ты злітуйся, божа! Мой розум цяпер
Знямеў ад тугі і адчаю.
V
Як тут павольна дзень ідзе,
Нібы чыёсьці пахаванне!..
І дзень, праведзены ў бядзе,
Аплакваць будзеш з адчуваннем,
Што вельмі хутка час да скону йдзе.
VI
Я слухаю горада гул за сцяной,
Астрожнік, хаваючы слёзы.
Варожае неба вісіць нада мной —
З пагардай глядзіць і пагрозай.