Што зробіш? Стала ясна —
Ніхто больш не падкіне ні сантыма
I давядзецца распачаць сеанс.
Тут выйшаў раптам з-пад старой катрынкі
Зусім маленькі акрабат,
Апрануты ў ружовы колер лёгкіх.
Была ў яго на шчыкалатках і запясці
футра.
Падскочыў
з крыкамі кароткімі
I міла нам салютаваў,
Узняўшы ўгору рукі.
Адну нагу адставіў ён назад,
Дагодліва і нізка пакланіўся
На ўсе чатыры часткі свету.
Калі ж падняўся ён на шар,—
Пяшчотнай музыкаю стала
Яго малое цела,
І ўжо не засталося
Снакойных, апатычных гледачоў.
«Як дух маленькі, бесцялесны!» —
Падумаў кожны.
I песня рухаў заглушыла
Старую, механічную катрынку,
Якую чалавек круціў,
Пакрыты попелам далёкіх продкаў.
Малы кульнуў сваё сальта мартале
З такой гармоніяй,
Што і катрынка сціхла,
Катрыншчык жа
Закрыў рукамі твар;
Здавалася, што гэта ўжо не пальцы,
А верныя нашчадкі яго лёсу;
I на старэчым твары прараслі
Маленькія зародкі будучыні.
Зноў крык чырванаскурага.
I апёльская музыка дрэў.
I знікненне дзіцяці.
Акрабаты ўзнімалі, гуляючы,
Гіры вялізныя.
Яны жангліравалі грузамі.
Але глядач шукаў дзіця дзівоснае
ў самім сабе.
О век! Век воблакаў!
МАЛЕНЬКАЕ АЎТО
Трыццаць першага жніўня
Тысяча дзевяцьсот чатырнаццатага года,
Я выехаў з Давіля позна ўвечары
У малым аўтамабільчыку Рувэра.
З шафёрам разам трое нас было.
«Бывай», — сказалі мы эпосе ўсёй.
А над Еўропай уздымаліся гіганты гневу.
Арлы, чакаючы ўзыходу сонца, пакідалі гнёзды,
Пражэрлівыя рыбы выплывалі з бездані.
Збіраліся народы — пазнаёміцца грунтоўна,
А мерцвякі ад жаху калаціліся
ў сваіх дамоўках змрочных.
Брахалі злосныя сабакі на слупы граніц.
Я ехаў, і былі ў маёй душы
Усе арміі, якія між сабою ваявалі;
Яны паўзлі і выгіналіся,
адна другую вынішчалі;
Былі ў маёй душы лясы і вёскі Бельгіі,
Даліна Руж і Франкаршан,
былі сялібы —
Яны заўсёды першыя пакутвалі
ад чужаземнага нашэсця;
Я нёс з сабой артэрыі чыгунак —
Там ехалі на смерць салдаты,
Жыццю шматкаляроваму яны салютавалі
ў апошні раз…
Я нёс з сабою акіянаў глыбіню,—
Між затанулых караблёў
Там плавалі страшыдлы.
I неймаверную я нёс з сабою вышыню —
Туды арол не ўзнімецца —
Там чалавек у бой ідзе на чалавека
I падае раптоўна ўніз, нібыта зорка.
Я адчуваў:
як новыя і спрытныя істоты
Сусвет будуюць новы і кіруюць рухам;
Як незвычайную вітрыну выстаўляе,
Разбагацелы на чужым дабры гандляр;
Як гоняць пастухі гіганцкі статак —
Ідуць жывёліны нямыя
і скубуць паціху словы,
На іх сабакі брэшуць на дарозе.
Ніколі не забуду я таго начнога пераходу:
Маўчалі мы, ніхто не вымавіў ні слова.
О, змрочнае цяжкое адбыццё,
Калі тры нашы фары
ў цемры паміралі!
О, ноч пяшчотная, перадваенная!
О, вёскі,
Дзе працавалі спехам кавалі:
Іх выклікалі
ад поўначы да першае гадзіны раніцы!
Ма ймчаліся да сінесіняга Лізье
І да Версаля залатога,
І тройчы мы спыняліся,
каб шыну трэснутую замяніць.