І, урэшце, пасля поўдня
Мы праехалі ў Фантэнблю.
З’явіліся ў Парыж якраз у час!
Нас сустракаў загад: Мабілізацыя!
Мы зразумелі,
сябра мой і я,
Што гэтае маленькае аўто
Прывезла нас у новую эпоху.
Хоця былі мы сталымі людзьмі —
Мы нанава нібыта нарадзіліся.
ЗАРЭЗАНАЯ ГАЛУБКА I ФАНТАН
Вобразы ласкавыя — зарэзаныя.
Дарагія вусны пунсовыя.
Мія, Марэя.
Іета, Лары.
Анні і ты, Марыя.
Дзе вы, дзяўчаты юныя?
Але
Каля фантана,
Што плача і літасці просіць,
Галубка трапеча белая.
Успаміны мяне пазбавілі сну.
О сябры мае, вы пайшлі на вайну.
Успаміны мае пад скляпеннем лунаюць,
А вашы позіркі ў спячай вадзе,
Тужлівыя, паміраюць.
Дзе вы — Брак, Макс Жакоб — маладосці сябры?
Дзе Дэрэн — з вачыма колеру шэрай зары?
Дзе Рэналь,
Даліз, душой шырокі?
Імёны іх гучаць далёка,
Нібы ў царкве халоднай крокі.
Дзе Крэмніц? Сам ён пайшоў у салдаты.
Магчыма, ўжо ніхто не вернецца жывы дахаты!
Я, поўны ўспамінаў, застаўся сам з сабой.
Фантан смуткуе-плача над маёй бадой.
Хто на вайну пайшоў апоўначы, —
Змагаецца цяпер на Поўначы.
Спусціўся вечар.
О, скрываўленае мора!
Крывёй сплывае ў садзе збіты алеандр,
Як здань вайны, людскога гора.
ЦЕНЬ
Вы са мною ізноў,
Успаміны пра родных сяброў,
Загінуўшых на полі бою.
Аліва часу,
Успаміны сплятаюцца разам,
Як у крону адзіную — сотні галін,
Як тысячы ран — у газетны артыкул адзін.
I здані цёмныя, неадчувальныя
Ператварыліся ў мой цень.
Нібы індзеец у засадзе нядрэмны,
За мной вы сочыце, ды дарэмна:
Вы не пабачыце болей мяне,
Вершаў маіх не пачуеце, не.
А я ўсё чую вас
I ўсё яшчэ гляджу на вас.
О доля! О шматлікі цень,
Хай беражэ вас сонца і шануе!
Вы любіце мяне
І не пакінеце ніколі.
Вы скачаце на сонцы, пылу не ўзнімаючы.
Атрамант сонца — цень,
I почырк маёй лямпы — цень,
Бясконцыя набоі спачуванняў.
Прыніжаны, прыземлены мой бог!
СКАРГА САЛДАТА З ДАКАРА
У халоднай зямлянцы, пакрытай лазою,
Каля гармат, павернутых на поўнач,
Я думаю пра вёску афрыканскую,
У якой спявалі, і кахалі,
I гутарку заводзілі
Вясёлую, высакародную.
Бачу зноў майго бацьку-салдата:
Біў адважна ён служак англійскіх лэндлордаў
— ашанці.
Чую смех ашалелы сястры:
Грудзі цвёрдыя мела яна, як снарады.
Бачу маці сваю — варажбітку:
Соллю грэбавала, проса ў ступе таўкла.
I яшчэ ўспамінаю драўлянага ідала —
Вытанчанага, незразумела-хвалюючага,—
Гэта — плоднасці фетыш.
Потым, значна пазней, была галава:
Ляжала яна ля балота, адрэзаная…
О мой вораг збляднелы,
Твая галава серабрыстая!
А ў балоце, у багне,
Месяц бледны свяціўся, скакаў
І здаваўся ён мне галавой серабрыстай.
Я ў пячоры нябачным зрабіўся:
Галава негрыцянская
З ноччу глыбокай злівалася.
Потым збегла сястра
Разам з нейкім стралком:
Ён памёр у Арасе.
Калі хочаце ведаць вы, колькі мне год, Запытайце епіскапа:
Быў салодкі салодкі ён ля маці маёй,
Быў, як маслены кот, ля сястрыцы маёй.
Мы ў дзікунскім жылі будане:
Не такі ён быў дзікі, як нашы зямлянкі,
Для пяхоты і нас — кананіраў.