I твары збялелі іхнія,
Раптоўна рыданне змоўкла…
Як снег на пялёсткі ціхія,
Як рукі твае ад слязы памоклыя,
Так ападала лісце з-пад інею
Раннім зазімкам.
ВІНАГРАДАР З ШАМПАНІ
Набліжаецца полк.
Вёска дрэмле, залітая водарным ззяннем.
Носіць нейкі свяшчэннік салдацкую каску.
Ну а бутля з Шампані —
Артылерыя гэта, ці не?
Вінаградныя гронкі звісаюць,
як на грошах хвасты гарнастаяў.
— Прывітанне, салдаты!
Бачыў я, як вы «ножку давалі» ў шарэнгах ля рэчкі.
Прывітанне, салдаты — бутэлькі з Шампапі,
ў якіх бродзіць гарачая кроў.
Пэўна, тут вы прабудзеце некалькі дзён,
а пасля: «У шарэнгу па тры —
Станавісь!», — як кусты ў вінаградніках нашых,
і — на фронт.
Я, куды ні папросяць, віно сваё бутлямі шлю,
Нібы поўныя хмелю снарады.
Сёння поўня, а светлая ноч — гэта вадкасць віна. —
Вінаградар спяваў, услаўляючы свой вінаграднік;
Вінаградар бяззубы, амаль што бязроты, спяваў
сам сабе ў глыбіні небасхілу.
Вінаградар, што й сам быў падобны на буталь жывы.
Ён, былы кананір артылерыі, ведаў, што значыць вайна.
Вінаградар з Шампані.
Вечарэе,
чуваць, як ідзе перапалка ў мішэнь.
Хай гуляюць салдаты, ім скора ў акопы на поўнач,
Дзе ўжо артылерыя з трэскам свае адкаркоўвае бутлі.
Бывайце!
Старайцеся, хлопцы, вярнуцца назад,
Хоць бог толькі ведае,
што з вамі здарыцца можа.
ПАШТОЎКА
Пішу табе ў нашай палатцы прабітай,
Калі надыходзіць такая пара,
Што неба крывавай зарой перавіта,
А дзень не здаецца…
Пачулася «ўра».
Грыміць кананада. Праз спелае жыта
На нашы пазіцыі прэ немчура.
ПЕРАМЕНА
Жанчына заплаканая каля хаты,
Эх, ох, ах!
Па пыльнай дарозе на маршы салдаты,
Эх, ох, ах!
Паблізу ад шлюза — з вудай рабочы,
Эх, ох, ах!
I ямы траншэй, як запалыя вочы,
Эх, ох, ах!
Снарады, што бухалі і разрываліся,
Эх, ох, ах!
Запалкі, што болей у рукі не браліся —
Эх, ох, ах!
Усё ва мне з часам заглухла дазвання,
Эх, ох, ах!
Усё,
апрача майго кахання!
Эх, ох, ах!
БУДУЧЫНЯ
Падкінем саломы,
Зірнём на снег,
Напішам лісты,
Пачакаем загаду,
Закруцім цыгаркі,
Згадаем каханне,
Зірнём на вінтоўкі,
На ружу зірнём!
Крыніца не высахла,
Саломы золата не пацямнела.
На пчолку загледзімся,
Не думаючы аб заўтрашнім.
На рукі нашы зірнём!
Гэта — снег,
I ружа, і пчолка,
I наша будучыня!
СМУТАК АДНОЙ ЗОРКІ
Красуня Мінерва — лятунак душы тылавой,
Крывавая зорка — карона мая давеку.
Розум — глыбока,
неба — над галавой —
Вось як цікава ўзброіў лёс чалавека.
Гора маё — не горшае ў нашым жыцці,
Бо зоркай стала
амаль смяротная рана.
Але пашукайце — і цяжка будзе знайсці,
Каб гэтулькі смутку ў збалелай душы ветэрана.
Пакуты палаючыя ў сабе і з сабою нясу я;
Так светлячок цягне цела сваё,
што гарыць, палымнее.
У сэрцы салдата так Францыя б’ецца, пульсуе,
Як б’ецца гарачы пылок у сэрцы лілеі.
ПЕРАМОГА
Спявае певень… Мару я… Гайдаюцца галіны,
А лісце іх нагадвае матросаў пры гайданцы.
Крылатыя і вёрткія, нібы ікар падроблены,
Сляпыя варушыліся, нібы мурашкі,—
Глядзелі ў дождж у люстра тратуара.
Натоўп са смеху лопаў, як гронкі вінаграда.