Выбрать главу
Ты, чэрвень, пальцы ўсе мае Спаліў пякучым сонцам-лірай. Парыж са мною трызніць і пяе, Ён закруціў мяне ў шалёным віры, Але памерці сілы не дае!
Нядзеля нудная не мае межаў, Катрынкі енчаць па дварах, Гірлянды кветак, як мярэжы, З балконаў звіслі, мне на страх, Як галава пізанскай вежы.
Увечары Парыж смакуе джын — Увесь ад электрычнасці палае. З зялёнымі агнямі уздоўж спін, Імчацца,             як шалёныя,                               трамваі — Па рэйках пішуць музыку машын.
Кафэ распухла ўсё ад дыму, Крычыць да хрыпаты цыганскі хор, — Каханне для цябе,                           любімай, Яны ўслаўляюць,                          як юнак-танцор, Як я ўслаўляў,                      з гарачымі вачыма…
Я ж ведаў:                 песні ў гонар каралеў — Гадоў маіх мінулых нараканні; I гімн рабоў, як чалавечы гнеў. Я для сірэн прывабных слухаў спеў, Я ведаў спеў няшчаснага ў каханні.

АННІ

Недалёка ад Тэхаса, На шляху да Гальвестона, Ёсць вялікі сад, там ружы Незвычайныя растуць. I здаецца ружай віла — Самай водарнай і мілай.
Часта там адна жанчына Усё гуляе аж да ночы. Як прайду я — глянем шчыра Мы адно другому ў вочы.
Менанітка дама тая: Гузікаў не прызнае. I нямашака ў яе Ні бутона ў строгім сэрцы. Сам я гузікі губляю — Мы з той дамай — аднаверцы…

МАРЫЗІБІЛЬ

На вуліцах Кёльна хадзіла, Гуляла яна да відна, Усім усміхалася міла, Сядзела за пляшкай віна На тумбе карчомнай яна.
Сама галадала, а грошы Свайму аддавала «бошу». А той сутэнёр часнаком Смярдзеў і, як ехаў з Фармозы, Зайшоў у публічны дом I вывез дзяўчыну, раскосы.
Я ведаю рознага лёсу людзей. Не ўсіх зразумеў я, праверыў: Той — мёртвага лісця цішэй, А полымя тоіцца ў зрэнках вачэй, А сэрца — адкрытыя дзверы.

ВЕРШ, ПРАЧЫТАНЫ НА ВЯСЕЛЛІ АНДРЭ САЛЬМОНА 13 ЛІПЕНЯ 1909 г.

Я ўбачыў з самай раніцы штандары,                                                      але нікому не сказаў: Вось гэта вопратка жабрацтва, Тут дэмакратыя хавае сарамліва боль, Тут воля вольная.                            Урэшце, бяром мы прыклад з лісця; О сіла раслінная, — ты адзіная                                              свабодная на ўсёй зямлі!
Я не сказаў: будынкі запалалі Таму, што мы сяброў праводзім —                                               яны ж не вернуцца назад. Я не прыкмеціў:                        ні мазольных рук,                              якія заўтра будуць працаваць на нас, Ні тых, павешаных, якія не змаглі ў жыцці                                                            дабіцца выгады; Ні тых, хто абнаўляе свет, ізноў Бастылію штурмуе.
Я веру,—              свет пераўтвараюць тыя,                                                   хто ад паэзіі ідзе.
Аздобіўся штандарамі Парыж: Мой добры друг Андрэ Сальмон                                           спраўляе слаўнае вяселле. З ім пазнаёміліся мы ў шычку паскудным У дні свайго юнацтва; Апранутыя бедна,                           курылі мы ўдваіх, чакаючы зары. Мы закаханыя былі ў адны і тыя ж словы,                                    чый сэнс змяніць патрэбна. Падманутыя дзеці бедныя! Мы не маглі Смяяцца так, як у маленстве. I стол, і шклянкі дзве пустыя на нас глядзелі Апошнім позіркам Арфея паміраючага…
Упалі шклянкі і разбіліся — Мы пачалі смяяцца, I прэч пайшлі, шукальнікі пагібелі, Перасякаючы дарогі, вуліцы,                                          краіны.