Аннотация
Раман быў напісаны і выдадзены ў наступны год пасля вызвалення аўтара з турмы (1938) і апавядае пра дзейнасць польскіх шпіёнаў і тутэйшых кантрабандыстаў у 1923 годзе на беларускім участку тагачаснай савецка-польскай мяжы. Менск з яго тапаграфічнымі дамінтантамі (губернатарскі сад, гатэль “Парыж”) і тагачаснымі прадмесцямі (Серабранка, Мядзведжына, Яркава, Старое Сяло) выступае асноўнай сцэнай, дзе адбываецца дзеянне. Перыферыйнымі сцэнамі, на якіх разгортваецца дзеянне ў рамане, выступаюць Бабруйск, Ракаў, Вязьма, Лагойск і іншыя гарады і мястэчкі.
“Багам ночы роўныя” — гэта выдатны прыклад вострасюжэтнага шпіёнскага раману з яго неад’емнымі атрыбутамі — падступнасцю, каханнем і сэксам (уключна з такімі формамі сэксуальнай разрадкі, як мастурбацыя, заафілія і лесбійскія ласкі), індывідуальным і калектыўным ужываннем наркотыкаў (пераважна какаіну), пальбой з розных відаў зброі і нечаканай трагічнай канцоўкай.
Як своеасаблівае паслоўе да раману друкуецца даследаванне гісторыкаў Уладзіміра Ляхоўскага і Канстанціна Нашчынца “Кантрабанда ў БССР у 1920-х — 1930-х гг.: сацыяльна-эканамічнае вымярэнне”. Як сцвярджаюць аўтары ў высновах, пашырэнне кантрабанды на беларускім участку савецка-польскай мяжы ў 1920 —1930-х г. былі абумоўлены тагачаснымі геапалітычнымі абставінамі і глыбокім эканамічным крызісам, у якім апынулася савецкая дзяржава ў першыя гады свайго існавання. Кантрабандысты вымывалі з савецкай краіны золатавалютныя каштоўнасці, спрыялі разгулу бандытызму ў памежных раёнах БССР. Але разам з тым масавая кантрабанда ў адзначаны перыяд ў нейкай ступені згладжвала таварны дэфіцыт, уласцівы планавай савецкай эканоміцы. У працэсе развіцця кантрабанднай дзейнасці ў той час можна вылучыць некалькі этапаў. На першым этапе (1921—1922 г.) адбываўся ў значнай ступені бескантрольны рух па тэрыторыі Беларусі кантрабандыстаў і патокаў кантрабандных тавараў. Падчас другога (1922—1927 г.) савецкае кіраўніцтва намагалася пераадолець кантрабанду шляхам ўзмацнення мытнага і памежнага кантролю на мяжы, а таксама за кошт рэалізацыі спецыяльных эканамічных захадаў (паляпшэнне забеспячэння памежных раёнаў спажывецкімі таварамі праз сістэму дзяржаўнага і кааператыўнага гандлю). Трэці этап (1927—1930-я г.) характарызуецца значным узмацненнем кантролю савецкімі мытнымі і памежнымі органамі дзяржаўнай мяжы, у выніку чаго маштабы кантрабанднай дзейнасці пачалі рэзка спадаць. У гэты час пачынаецца актыўнае выкарыстанне жорсткіх рэпрэсіўных мер супраць кантрабандыстаў і іх сем’яў.
Комментарии к книге "Богам ночы роўны"