Аннотация
Дарагі дружа!
Ты трымаеш у руках чарговую кнігу з інтрыгуючай назвай серыі “Сем цудаў Беларусі”. Яна – працяг ранейшага аповяду пра наш беларускі радавод, пра нашу з табой біяграфію. Ухвальна, што розгалас пра слаўныя і незабыўныя падзеі з гісторыі беларускай зямлі з кожным годам набывае ўсё большую моц, захоплівае ўсё больш цікаўных.
Чуйнае сэрца неабыякавага сучасніка, як тонкі камертон, адэкватна рэагуе на тое, што ціхім пошумам і буйным ветрам у пакручастых вірах гістарычнай далечы выспельвала сённяшні дзень Беларусі. Званы далёкай Нямігі, як і голас ссівелых летапісных замкаў, што былі некалі гняздоўямі беларускай славы, праз стагоддзі вечнасці далятаюць да нас, поклічным памкненнем абуджаюць душу, варушаць прысак памяці. Прыслухайся, і ты адчуеш, сэрцам зразумееш іхнюю жыццядайную і жыватворную сілу.
Людскімі лёсамі і жыццём выпрабаваная моц цудатворнага абраза Жыровіцкай Божай Маці.
Несмяртоная слава і мужнасць абаронцаў гераічнай Брэсцкай крэпасці.
Трапяткое марыва стройнай Камянецкай вежы, якая грамнічнай свечкай аберагае мір і спакой на нашай зямлі.
Слаўная перліна беларускага дойлідства – Мірскі замак.
Павучальная пацешнасць экзатычных выхаванцаў Смаргонскай мядзведжай акадэміі.
Незвычайныя памяткі татарскай пісьменнасці на беларускай мове – Кітабы.
Пра ўсё гэта пойдзе гаворка на старонках кнігі. Чытаючы яе, згадвай словы нашага несмяротнага Янкі Купалы:
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
І гэты напамінак, як і званы летапіснай Нямігі, дапаможа табе зразумець, што:
Завецца ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.
Завецца дарагім і родным, непаўторным і адзіным словам – Беларусь.
Комментарии к книге "Званы Нямігі"