Аннотация
Нарадзіўся ў горадзе вялікіх амбіцыяў – Жодыне. Дакладней у мястэчку, якому лёсіла вырабляць самыя вялікія аўтамабілі ў Эўропе. У семь гадоў пачаў хадзіць у дзіцячую бібліятэку, што месьцілася ў вялікай драўлянай хаце. Раней у ёй жыў мясцовы поп, а побач стаяла царква, якую зьнесьлі неўзабаве пасьля майго зьяўленьня на сьвет. Менавіта ў гэтай хаце ў 1960 годзе й быў я таемна ахрышчаны. Вучоба ў элітарным наргасе мяне пераканала, што быць бухгалтарам, эканамістам або нават банкірам – сьмяротная нуда. У 24 гады ўзяў літаратурны псэўданім Алесь Аркуш. У 27 гадоў з’ехаў на Полаччыну. У 28 гадоў ажаніўся, стаў журналістам, выдаў сваю першую кнігу, займеў сына. У 29 гадоў пачаў займацца ўласнай выдавецкай дзейнасьцю, заснаваў альманах “Ксэракс Беларускі”. У 33 гады патрапіў у галоўную анталёгію беларускай паэзіі, стварыў Таварыства Вольных Літаратараў і выдавецкую суполку “Полацкае ляда”, стаў выдаўцом альманаха “Калосьсе” і старшынём арганізацыйнага камітэту літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес”. У 36 гадоў патрапіў у галоўную энцыкляпэдыю краіны. У 42 гады напісаў словы да гімна горада Полацка. Жыву ў Полацку, пішу вершы, прозу, эсэістыку, крытычныя артыкулы. Маю багата няспраўджаных плянаў і мараў.
Комментарии к книге "Крылы ператворацца ў карэньні"